ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
07 мая 2024 года

Захавальніца культурнага кода. Лаўрэат прэміі Дубко, загадчыца сельскага клуба Ганна Уласік – аб сваім творчым шляху і дасягненнях

191

Таленавітая жанчына сама нясе культуру ў асяроддзе самабытнай вёскі.

3агадчыца філіяла «Альхоўскі сельскі клуб» Астравецкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Уласік – з кагорты творча апантаных, няўрымслівых, моцных духам людзей, якія захоўваюць народную спадчыну і перадаюць яе новым пакаленням. 

Таленавітая жанчына не толькі сама нясе культуру ў асяроддзе самабытнай вёскі ды збірае вакол сябе актыўных вяскоўцаў, але і захапіла сваёй справай уласных дзяцей.

З песняй па жыцці

Ганна – человек культуры па прызванню. Нарадзілася ў Альхоўцы ў мнагадзетнай сям’і і як самая старэйшая дапамагала бацькам гадаваць малодшых. З маленства прыгожа спявала ды танчыла. Танцаваць навучылі дзядзькі, цёткі, спяваць – маці і бацька. Яшчэ ў пачатковых класах вырашыла стаць настаўніцай. Пасля школы скончыла Нясвіжскае педвучылішча, там сустрэла сваю любоў і ў родную Альхоўку вярнулася разам з мужам. Пэўны час працавала ў Альхоўскай сярэдняй школе спачатку настаўніцай музыкі, потым – пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Педагогіцы, дарэчы, прысвяціла 26 гадоў жыцця.

– Мяне заўжды захапляла творчасць, – распавядае Ганна. – Да кожнага школьнага мерапрыемства падыходзіла з душой, асабліва падабалася рыхтаваць канцэрты і тэатральныя пастаноўкі. Калі ж маім творчым ідэям стала крыху цесна ў школьнай прасторы, вырашыла пашырыць межы. У 2018-м перайшла на працу загадчыкам філіяла «Альхоўскі сельскі клуб» дзяржаўнай установы «Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» і распачала новую главу майго лёсу, дзе я спалучаю педагагічную і культурную дзейнасць ды нясу людзям радасць.

выавыавыа.png

Танцуюць усе

Новая глава жыцця Ганны пачалася ярка і захапляюча. Яна, бы сонейка, запальвае ўсіх навокал і проста фантануе ідэямі. На традыцыях мінуўшчыны стварае арыгінальныя творчыя нумары, арганізоўвае незабыўныя праграмы, аб’ядноўвае аднавяскоўцаў у творчыя калектывы, шчодра адкрывае таленты ў вясковай дзятвы. Жыццё на вёсцы з яе прыходам у клуб стала больш цікавым і насычаным.

– Неяк мне ў рукі трапіла кніга, дзе ўзгадвалася пра наша цудоўнае мястэчка і побытавыя танцы, якімі яно славілася, – гаворыць Ганна. – Гэта стала штуршком для таго, каб вывучыць матэрыялы ды адрадзіць іх. Каб самім танцаваць ды перадаць новым пакаленням. Майстар-класы праводзім па ўсім раёне.

Безымянныйаввыа.png

Праект «Побытавыя танцы маёй мясцовасці» з падачы Ганны Уладзіміраўны быў рэалізаваны на базе клубнай установы ў 2019 годзе. Як вынік – удзел альхоўцаў у фестывалі побытавых танцаў «Жодзішкаўскі карагод», атрыманне ў 2023 годзе дыплома I ступені ў абласным фестывалі-свяце побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму». А бачылі б вы, з якім задавальненнем дзятва пераймае зухаватыя элементы танцаў, якія некалі выконвалі іх прабабулі і прадзядулі…

Як адмысловая вакалістка-педагог Ганна вучыць сваіх юных землякоў спевам. Яе выхаванцы паспяхова ўдзельнічаюць у творчых конкурсах рознага ўзроўня. 

У 2021 годзе ў будынку сельскага клуба дырэктар і яе каманда арганізавалі музейны пакой «Вытокі» з двума экспазіцыямі, прысвечанымі захаванню культурнай спадчыны – культурнага коду беларусаў. Цяпер юныя альхоўцы маюць магчымасць вывучаць гісторыю малой радзімы па старажытных рэчах хатняга ўжытку і вырабах мясцовых майстроў і майстрых.

Умелы  арганізатар, крэатыўны і творчы спецыяліст, Ганна Уласік сама выходзіць на сцэну як вакалістка-салістка і ўдзельніца народнага ансамбля народнай песні «Світанак», удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах установы культуры і выязных канцэртах. Апантана ўлюбёная ў сваю справу, захапіла ёй і сваіх дзяцей. На працу ў клуб па прыкладу матулі прыйшлі яе дачка Яўгенія – рэжысёр і вядучая канцэртных праграм, і сын Алег – культарганізатар, гукааператар, моцны і самабытны вакаліст. Абодва – таленавітыя і ўлюбёныя ў родны куточак маладыя людзі, якія не паехалі шукаць шчасце за трыдзевяць земляў, а засталіся на малой радзіме.

кцукккцку.jpg

Брэнд Альхоўкі

Стаўку ў Альхоўцы зрабілі на сямейную творчасць, таму святы тут надзвычай цёплыя. А фэст сямейнай творчасці «Альхоўка», які ладзіцца на базе клубнай установы ўжо восем гадоў, стаў візітнай карткай рэгіёна.

 – Калі ў Альхоўцы рыхтуецца фестываль сямейнай творчасці, уся наша вялізная сям’я – а гэта 550 чалавек – быццам прачынаецца, – кажа Ганна Уладзіміраўна. – Кожны раз ствараем новую цікавую праграму, а сем’і Альхоўкі здзіўляюць нас сваімі разнастайнымі талентамі. Мы быццам нанова адкрываем сваіх суседзяў, знаёмцаў, сяброў. 

Вакол невялічкага творчага сямейнага калектыву Уласікаў склалася моцная творчая каманда, якой па плячы любыя творчыя задачы. Аляксандр Бернюкевіч, Анатолій Сальмановіч, Юлія Заруба, Вікторыя Бабінец, Аэліта Рылькова працуюць у розных сферах, але любяць сцэну і аддаюць свой вольны час любімым захапленням, якія дораць радасць усім навокал.

Дарэчы, калі ў іншых вёсках у культурным жыцці ўдзельнічае пераважна моладзь, то ў Альхоўцы – малюнак іншы. Тут пад кіраўніцтвам Ганны Уладзіміраўны працуе аматарскае аб'яднанне – клуб па інтарэсах «Залаты ўзрост», што дае магчымасць старэйшым людзям жыць паўнавартасным жыццём на пенсіі. 

– У клубе па інтарэсах «Залаты ўзрост» нашы старэйшыя аднавяскоўцы знаходзяць сабе заняткі па душы, – расказвае Ганна Уласік. – Ладзяцца вечары-сустрэчы за кубачкам гарбаты, дзе ў цёплай атмасферы людзі маюць магчымасць пагаварыць, падзяліцца рэцэптамі прыгатавання страў, успомніць прыемныя моманты з жыцця і проста абмяняцца думкамі; конкурсныя і танцавальна-забаўляльныя праграмы, літаратурныя гасціныя, вечары-караоке, інтэлектуальныя вечарыны. Людзі дзеляцца сваімі захапленнямі і знаходзяць аднадумцаў, а галоўнае – не адчуваюць сябе адзінокімі.

Адна з рубрык клуба «Свет маіх захапленняў» карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Тут жанчыны знаёмяцца, напрыклад, з карункамі, вырабленымі Вольгай Янушэўскай, «падарожнічаюць па свеце» з калекцыянерам паштовак Галінай Заруба, удзельнічаюць у кулінарным майстар-класе ад Марыі Ляховіч. А падчас падрыхтоўкі да свята вёскі кабеты аб’ядналіся ў аматарскі калектыў «Анюціны вочкі», які вельмі палюбіўся вяскоўцам і жыхарам Астравеччыны.

Пад  Новы год у філіяле Дома культуры па традыцыі ставяць спектакль-мюзікл. Сваімі сіламі сачыняюць сцэнарый, падбіраюць акцёраў, вучаць ролі, пішуць «мінусоўкі», шыюць касцюмы… Не дзіва, што мясцовыя людзі кажуць: «Жадаеце весела сустрэць Новы год – прыязджайце ў Альхоўку».

Шчырая творчая праца Ганны Уласік адзначана шматлікімі падзякамі аблвыканкама і райвыканкама, занясеннем на Дошку гонару Астравецкага раёна ў 2023 годзе. Нядаўна за асабісты ўклад у духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення, захаванне і папулярызацыю беларускіх народных традыцый і каштоўнасцей Астраветчыны яна ўзнагароджана прэміяй імя А.І. Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва» у намінацыі «Клубны работнік года».

3j4x3eynbtdc484mo2iqi8j15r4cbre3.jpg

– Вельмі ўдзячна за высокую адзнаку маёй працы, якая абавязвае да новых творчых вяршынь, – адзначае Ганна Уладзіміраўна. – І шчыра дзякую за падтрымку кіраўніцтва культурнай галіны раёна, сваіх калег, паплечнікаў, аднавяскоўцаў і дзяцей.

 Ганна працягвае спяваць, усміхацца і несці ў свет дабрыню і радасць. Яе голас па-ранейшаму звініць званочкам пра любоў да сям’і, Радзімы і спадчыны. Яна з захапленнем назірае, як пасля надакучлівай зімы ажывае вёска, як буслы будуюць гнёзды, а людзі адчыняюць вокны і душы. Гэты куточак зямлі – самы любімы, прыгожы – моцна трымае яе сваімі каранямі і надае сілы жыць, кахаць, тварыць.