ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
03 мая 2024 года

«Я жыву творчасцю, бачу ў ёй сэнс існавання»

242

Пра творчы шлях і дзіўныя поспехі гродзенскай мастачкі, майстра па ткацтве Алены Шунейка даведалася карэспандэнт «ГП».

 

Знакамітая гродзенская мастачка, майстар па ткацтве Алена Шунейка ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2023 года “За духоўнае адраджэнне”. Гэта пачэснае заахвочванне метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці атрымала за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў Гродзеншчыны, інтэрпрэтацыю іх у асабістай творчасці пры вырабе аўтарскіх габеленаў, рэалізацыю праекта “Ад прадзіва да ткацтва” па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва і іх выкарыстанню ў практыцы работы арганізацый культуры, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці.

¦-¦¬TС¦-¦- TИTГ¦-¦¦¦¦¦¦¦- (5).jpg
– Шчыра дзякую за такую высокую адзнаку маёй творчасці, якой я прысвяціла жыццё, – падкрэслівае Алена Феліксаўна. – Я жыву творчасцю, бачу ў ёй сэнс існавання. І надалей буду зберагаць і папулярызаваць любімы від мастацтва, які характарызуе нас, беларусаў, як нацыю і з’яўляецца намаляванай ніткамі гісторыяй…

Алена Феліксаўна – чалавек-легенда, унікальны майстар габеленаў, адзіная ў вобласці майстрыха, якая дасканала валодае ўсімі таямніцамі і тэхнікамі габеленавай ніткі і здзіўляе гледачоў на працягу сарака гадоў. Яе творы – сапраўдныя шэдэўры, самабытныя і ўнікальныя – радуюць вока і выклікаюць палітру пачуццяў, кранаюць самыя тонкія струны душы. За сваё доўгае творчае жыццё мастачка стварыла больш за семдзесят габеленаў і міні-габеленаў. Яны захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях, упрыгожваюць інтэр’еры ўстаноў культуры, храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў. Некоторыя выстаўляліся як шэдэўры народнай творчасці ў Расіі, Францыі, Польшчы, Кітаі, Туркменістане і Эстоніі. 

¦-¦¬TС¦-¦- TИTГ¦-¦¦¦¦¦¦¦- (8).jpg

Тэхніка падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, якой валодае Алена Шунейка, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Яна ганарыцца ўсімі сваімі работамі, але найбольш маштабныя і значныя – “Купальскі вянок” (1983); “Вясна Панямоння” (1989), прысвечаны 45-годдзю вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; “Вясёлка творчасці” (2015), створаны да 75-годдзя цэнтра народнай творчасці; “Гродзенская ратуша” (2018), выраблены да 890-годдзя Гродна; “Гісторыі жывая ніць” (2020), прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі і іншыя. Кожны габелен – прызнанне ў любові да малой радзімы. 

Летась у рамках маштабнага абласнога праекта “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны” адбыліся персанальная выстаўка Алены Шунейкі і творчыя сустрэчы з гродзенцамі. Майстар прадставіла свае работы, выкананыя ў рэдкіх тэхніках ткацкага майстэрства на станку, аналагаў якому няма ў свеце. Між іншым, станок разам з талентам бачыць і перадаваць прыгажосць праз мастацтва дастаўся ёй у спадчыну ад бацькі – мастака-тэкстыльшчыка Фелікса Антонавіча Шунейкі, які ў сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у Гродзенскім метадычным цэнтры творчую ткацкую лабараторыю. Менавіта гэта майстэрня стала для Алены месцам плённай працы на доўгія гады. Брат Яўген – таксама частка творчай дынастыі: мастак, дацэнт, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў. Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў сястры. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы! А тэхніку падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва мастачка пераняла ад вядомай гродзенскай майстрыхі Ядзвігі Райскай з Адэльска і з гадамі яе ўдасканаліла. Такая тэхніка дазваляе найбольш маляўніча і ярка перадаць у ніцях колеры і настрой. 

¦-¦¬TС¦-¦- TИTГ¦-¦¦¦¦¦¦¦- (1).jpg

¦-¦¬TС¦-¦- TИTГ¦-¦¦¦¦¦¦¦- (3).jpg

000023_4E855F901F4C0EE3432589280007BB98_381957павпеир.jpg
– Творчая дзейнасць Алены Феліксаўны паспрыяла таму, што ў 2023 годзе наш цэнтр атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на адраджэнне ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва ў Гродзенскай вобласці, у рамках якога ў Гродна 10 чэрвеня 2023 года адбылося рэгіянальнае свята народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”, – расказвае дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Хільмончык. – Свята сабрала знакамітых ткачых з усёй вобласці, якія захоўваюць мясцовыя традыцыі народнага рамяства – ткацтва. Кожны жадаючы змог завітаць на ткацкія падворкі, пабачыць тэкстыльныя вырабы, атрымаць майстар-клас “з рук у рукі” ад носьбітаў традыцый па прадзенні на калаўроце і верацяне, ткацтву, вырабу народнага пояса. Упершыню прэзентавалася тэкстыльнае палатно “Квецень Панямоння”, якое складаецца з міні-габеленаў, падрыхтаваных майстрамі ткацтва з сямнаццаці аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці Гродзенскай вобласці. Тут можна было пазнаёміцца з экспазіцыяй габеленаў Алены Шунейка “Тэкстыльныя акварэлі”…

Алена Феліксаўна не толькі годна працягвае справу дынастыі гродзенскіх мастакоў-тэкстыльшчыкаў Шунейка, але і перадае назапашаны багаты вопыт па вырабе габеленаў маладому пакаленню. У майстрыхі ёсць пераемнік – супрацоўніца цэнтра Юлія Лойка, якая гэтак жа захоплена чароўным светам ткацтва. Яны нават ствараюць сумесныя работы. Адна з апошніх – габелен “Гісторыі жывая ніць”. Над ім вопытная і маладая мастачкі працавалі 151 дзень, для стварэння шэдэўра спатрэбіліся каля кіламетра ніцей розных адценняў. 

¦-¦¬TС¦-¦- TИTГ¦-¦¦¦¦¦¦¦- (10).jpg

За творчы талент і прафесіяналізм, захаванне народнай творчасці і развіццё традыцыйнай культуры Гродзеншчыны Алена Шунейка ўзнагароджана шматлікімі граматамі і званнямі лаўрэата прэміі А. І. Дубко Гро-дзенскага аблвыканкама, лаўрэата прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, “Чалавек года Гродзеншчыны-2021”. 

– Мы разумеем, якую важную справу робіць наша цудоўная старэйшая супрацоўніца, і спрыяем ёй у гэтым, – падкрэслівае загадчык аддзялення традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец– Робім усё, каб яе творчасць жыла, захоўвалася, трансліравалася і працягвалася ў новых пакаленнях. Каб нашы дзеці і ўнукі ведалі старажытныя беларускія рамёствы і былі моцныя сваімі каранямі…

У Год міру і стварэння Алена Феліксаўна Шунейка працуе над чарговым маштабным габеленам на патрыятычную тэматыку “Гродзеншчына квітнеючая”, які плануе завяршыць у лютым 2024 года.