ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
04 мая 2024 года

Вясновы баль у Дзятлаве

77

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў вясновы баль у Тызенгаўза, прысвечаны жанчыне.

Ён сабраў аматараў танцаў і рамантычнага адпачынку з нашага раёна і многіх куточкаў Беларусі.

Трэці год запар мерапрыемства на Дзятлаўшчыне ладзіцца аматарскім аб’яднаннем “Эліт Данс” пры падтрымцы райвыканкама і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, сёлета яго ўдзельнікамі сталі больш за 120 чалавек.

У ліку гасцей былі запрошаны намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка, намеснікі старшыні прэзідыума РГА “Беларуская прафесійная танцавальная ліга” Антон Гапановіч, Лідзія Кац-Лазарава і Людміла Цыркун.

Парадны дрэскод, традыцыйныя бальныя танцы, жывая музыка ў выкананні Новаяльнянскага духавога аркестра і скрыпачкі Алены Кашко, рамансы ад Тамары Ступак і Максіма Маліноўскага, адмысловы этыкет, тагачасныя гульні і пачастункі – усё гэта дапамагло ўдзельнікам бала на некалькі гадзін дакрануцца да гісторыі, акунуцца ў атмасферу XVIII-XIX стагоддзяў.

Распарадчык балю Анатоль Кардаш — мастак, кераміст, кіраўнік харэаграфічнага аб’яднання “Эліт Данс” пры Новаяльнянскім доме культуры, які на працягу некалькіх гадоў адраджае і папулярызуе бальную традыцыю на Дзятлаўшчыне, прадставіў гасцей і абвясціў адкрыццё балю, які традыцыйна пачаўся з паланеза.

– Я і Андрэй Штундар – аматары бальнай культуры- прыехалі сюды па запрашэнні разам з клубам “Мінская зорка”, які займаецца аматарскім гістарычным танцам, са сталіцы нашай Радзімы. Такія мерапрыемствы люблю і наведваю каля шасці гадоў, усё пачалося з навагодняга балю ў Вялікім тэатры ў Мінску, дзе раней працавала, затым стала наведваць выязныя. Андрэй каля года займаецца спартыўнымі і бальнымі танцамі. Мы рады, што ў ХХІ стагоддзі маем унікальную магчымасць наведаць балі, паглядзець, як усё гэта арганізоўвалася тады. У Дзятлаве мы ўпершыню, і былі прыемна здзіўлены, што акампанаваў танцам духавы аркестр. Тут вельмі цёплая атмасфера, бо калі людзі аб’яднаны адной ідэяй, любоўю да танцаў, адчуваецца іх натхненне. Усім гасцям балю жадаем удасканальвацца ў майстэрстве, выражаць сябе праз танец і атрымліваць асалоду.

Крыніца:diatlovonews.by