ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
29 апреля 2024 года

Вiншуем! 20-гадовы юбілей адзначыў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры

262

Установа культуры мае багатую гісторыю. На працягу вось ужо многіх гадоў творчы калектыў паспяхова рэалізуе задачу па захаванні і развіцці народных рамёстваў і традыцыйных промыслаў Лідчыны. Майстры «пішуць» слаўную гісторыю нашага краю, адраджаючы даўнія традыцыі продкаў, ствараюць сённяшнюю культурную спадчыну і перадаюць яе будучым пакаленням.

Мерапрыемства з нагоды ўрачыстасці прайшло ў цёплай абстаноўцы. Госці з парога акунуліся ў атмасферу свята і творчасці.


– У нашай установе працуюць самыя лепшыя людзі, спецыялісты высокай кваліфікацыі, – расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. – Памятаю, як усё пачыналася: нехта прыйшоў на працу, будучы настаўнікам у школе, нехта ўвогуле не меў дачынення да традыцыйнай культуры. Але на сённяшні дзень магу з гордасцю сказаць, што ў многіх толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы. У нашай установе людзі працуюць і больш за дзесяць, і больш за дваццаць гадоў. І сёння яны застаюцца вернымі свайму выбару. Па працы бачна: тое, чым займаюцца нашы супрацоўнікі, яны любяць усёй душой, усім сэрцам, з поўнай адказнасцю адносяцца да сваёй справы. Прычым кожны – майстар на ўсе рукі: і спяваюць, і танцуюць, і працуюць разам у батлейцы, і распрацоўваюць свае асабістыя калекцыі. Накірункі розныя. Цудоўныя роспісы па дрэве, яйкі-“пісанкі” – гэта Марына Савіцкая. Захапляюць калекцыі ручнікоў Валянціны Сільвановіч, этнаграфічныя і фальклорныя лялькі, вырабы лапікавага шыцця  Ірыны Дыдышка, кераміка і ганчарства Алены Свідэрскай, а самая лепшая калекцыя выцінанак Гродзенскай вобласці ў Дар’і Шафак. Кожны супрацоўнік як брыльянт, у якога вельмі шмат граней. І усе гэтыя грані гавораць пра яго высокі узровень!

Жыццё ў калектыве кіпіць. Сёння супрацоўнікі аддзела ладзяць экспедыцыі, займаюцца зборам этнаграфічных рэчаў, элементаў адзення, прадметаў побыту, найбольш каштоўных мастацкіх вырабаў Лідскага раёна, а таксама вывучэннем рэдкіх узораў ткацтва, вышыўкі, дрэваапрацоўкі і іншых рамёстваў. Адно з самых значных дасягненняў ‒ таленавітыя майстры наладзілі адраджэнне рэдкіх тэхнік ручнога ткацтва і актыўна працуюць над стварэннем новых вырабаў і элементаў сучаснага дэкору. Носьбіты традыцый разумеюць, што моладзь, выхаваная на мясцовай культуры, будзе душой прывязана да роднага краю і ўсвядоміць сябе адной этнічнай супольнасцю. Важную ролю адыгрывае і выхаваўча-эстэтычная функцыя тканых рэчаў. Дзякуючы супрацоўнікам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры элемент «Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння» у 2018 годзе ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Шмат цёплых слоў гучала ў гэты дзень у адрас юбіляраў. Начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова пажадала ўстанове развіцця і росквіту, а калектыву – новых творчых праектаў.

– Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры сёння з'яўляецца месцам адраджэння, захавання і распаўсюджвання традыцыйных рамёстваў, творчай лабараторыяй, дзе не толькі выкарыстоўваюцца страчаныя тэхналогіі, але і з'яўляюцца новыя прыклады майстэрства. Праекты, якія рэалізуюцца ў сценах установы, унікальныя. Але самае галоўнае, што кожны з іх – гэта вынік карпатлівай працы, яркі прыклад захопленасці сваёй справай, вялікай любові да народнай культуры. Жадаю калектыву толькі поспехаў, – адзначыла Наталля Фёдараўна.

Цяжка не згадзіцца з гэтымі словамі. Помніцца, у 2003 годзе, калі ствараўся Дом рамёстваў, не было ні майстэрняў, ні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Усё даводзілася пачынаць з нуля. Алена Валянцінаўна Шчэліна сама збірала калектыў. І, што важна, людзі, якія ўліліся ў вялікую творчую сям’ю шмат гадоў таму, засталіся вернымі традыцыям і дагэтуль. 





 

Не абышлося ў гэты дзень і без яшчэ адной значнай падзеі. У рамках “Свята ткацтва” адбылося адкрыццё выставы “Карункі” з этназбору аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры па Лідскім раёне. Кожная з работ, размешчаных у зале, зачароўвае і выклікае захапленне. Гармонія з навакольным светам, жаданне зрабіць яго яшчэ лепшым адчуваюцца ў калекцыі карункапляцення Марыі Шылкоўскай, сучаснага майстра па вязанні кручком. Сярод яе вырабаў дэманструюцца копіі ручніковых “зубоў”, “прошвы” – прамавугольныя ажурныя ўстаўкі для абрусаў (настольнікаў) і навалачак на падушкі. Узоры запазычаны з арыгінальных аўтэнтычных экспанатаў з мэтай захавання і папулярызацыі кірунка дэкаратыўна-прыкладнога мастацства ХХ ст. Ёсць у Марыі і работы аўтарскай распрацоўкі.

– Карункі – гэта тэкстыльныя ажурна-сеткавыя вырабы, у якіх узор утвараецца перапляценнем нітак, – заўважыла малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – Агульнай іх прыкметай з’яўляюцца дзіркі розных дыяметраў паміж ніткамі, якія ўтвараюць узор. Карункі могуць быць як самастойным вырабам, так і элементам дэкору і аздабленнем ручнікоў, накідак, падузорнікаў, фартухоў. Выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання жаночай ніжняй бялізны, жаночых кашуль і галаўных убораў, а таксама ў афармленні інтэр’еру ў выглядзе дэкартыўных пано, цюляў, пакрывалаў.

Марына Савіцкая расказала гасцям выставы гісторыю развіцця і распаўсюджвання карункапляцення на тэрыторыі Беларусі, а яе калега Ірына Дыдышка – пра бытаванне гэтага віда дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэрыторыі Лідскага раёна ў ХХ ст. Яшчэ адным сюрпрызам стала дэфіле-паказ рэплік народных строяў канца XIX – першай паловы XX стагоддзя з тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці. Рэплікі жаночай вопраткі стварыла творчая група аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, у якую ўвайшлі Ірына Дыдышка (навукова-даследчая праца), Марыя Шылкоўская (ткацтва палатна) і Марыя Андрушкевіч (пашыў адзення).

Свята ткацтва – вялікае свята! Яно завяршае Тыдзень традыцыйнай культуры “Ад даўніны да сучасных дзён”, але працягвае добрую справу – знаёміць з гэтым унікальным рамяством. А каб гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства было яшчэ і весела, а ногі самі кідаліся ў скокі, музычную праграму для іх падрыхтавалі ўдзельніцы народнага фальклорнага гурта “Талер”.