ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
04 мая 2024 года

В Жуховичском Доме культуры и досуга Кореличского района прошла шоу-программа «Три аккорда»

126

Любяць нашы людзі памарыць, адкрыць сэрца, і, махнуўшы рукой, акунуцца ў нешта нязведанае… Новы год – час новых дарог і новых адкрыццяў. Карэспандэнт газеты “Полымя” 13 студзеня накіравалася ў Жухавіцкі Дом культуры і вольнага часу, дзе адбылася шоу-праграма «Тры акорды”. Лепшыя шансанье Жухавіцкага сельскага Савета падахвоціліся памерацца творчымі сіламі і пакінуць свой яркі след у навагоднім серпанціне аграгарадка. Адны артысты здзіўлялі незвычайнай манерай выканання, іншыя – харызматычным дэбютным выступленнем. Аднак ніхто з удзельнікаў не змяніў галоўнай мэце своеасаблівага музычнага фестывалю – падарыць светлыя і пазітыўныя ўражанні.

У гэтым музычным конкурсе прынялі ўдзел дзесяць салістаў-вакалістаў: Алена Тэраўдкалне, Анастасія Знайдзён, Мікалай Гладкевіч, Алена Лапша, Марына Пясецкая, Святлана Дуко, Анастасія Еўтух, Таццяна Звонка, Аляксандр Жамойда, Сяргей Манько. Канкурсанты павінны былі выканаць песні ў стылі шансон. Падчас выканання музычных нумароў у кожным з іх адчувалася свая душа і свой настрой. Шоу незвычайнае, таму і ацэньвалі ўдзельнікаў члены журы па картачнай сістэме, у якой туз – пяць, кароль – чатыры, дама – тры і валет – два балы. Самы высокі бал мела карта залаты Джокер, і выкарыстаць яе член журы мог за ўсю конкурсную праграму толькі адзін раз. Пры выступленні ацэньваліся сцэнічная культура, выканальніцкае майстэрства, выразнасць, арыгінальнасць, артыстычнасць, адпаведнасць ладу музычнага нумара і касцюма, рэжысёрская пастаноўка.

 

Пранікаючыя ў самае сэрца песні, апраўленыя ў прыгожую рамку тэатралізацыі, не пакінулі абыякавымі ні гледачоў, ні строгіх суддзяў.
– Прыемна, што гэты незвычайне песенны конкурс праходзіць на жухавіцкай зямлі, і гэта яшчэ адна добрая нагода сабрацца ўсім разам у гэты цудоўны вечар Старога Новага года. З кожным годам фестываль набірае папулярнасць, пашырае геаграфію і адкрывае новыя зоркі на творчым небасхіле Карэліччыны, – адзначыла член журы, дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх. – Усе, без выключэння, удзельнікі – сапраўдныя артысты, якія ўмеюць разыграць сваю песню, зрабіць яе вобразнай і пранікнёнай. Дзякуй ім за падораныя эмоцыі, а гледачам – за актыўную падтрымку канкурсантаў.

Але, як у кожнай конкурснай праграмме, шоу “Тры акорды” мела сваіх пераможцаў. Так, першае месца было прысуджана Святлане Дуко, другое месца заняла Алена Лапша, на трэцім месцы аказаўся Аляксандр Жамойда, а гледачы аддалі свой голас за Таццяну Звонка. Пераможцам былі ўручаны дыпломы і падарункавыя сертыфікаты ад раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. Усе астатнія канкурсанты таксама не засталіся без увагі, кожны атрымаў дыплом удзельніка і каштоўны падарунак.
Віншуем пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу!

 

 

 

 

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара

http://www.polymia.by