ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
04 мая 2024 года

Ураджэнцы Карэліцкага раёна заснавальніцы навукі аб турызме ў Беларусі Зоі Гарбылёвай спаўняецца 70 гадоў

175

14 студзеня свой прыгожы 70-гадовы юбілей святкуе Гарбылёва (па бацьку Навумовіч) Зоя Міхайлаўна, высокі прафесіянал, шчырая калега, адданая дачка, пяшчотная маці і бабуля.
Сцюдзёнай ноччу 1954 года Зоя Міхайлаўна нарадзілася ў вёсцы Мокрава Карэліцкага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька Міхаіл Аляксандравіч быў ветэранам вайны, любіў граць на гармоніку і гэтую сваю схільнасць перадаў дачцэ. Яна скончыла музычную школку па гармоніцы ў Кайшоўцы. Маці Марыя Уладзіміраўна ўсё жыццё прарабіла ў калгасе, мела працоўныя ўзнагароды, лісты ўдзячнасці і дыпломы. Выбіралася ў дэпутаты раённага и абласнога Савета народных дэпутатаў і была заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі. Гэта былі разважныя, паважаныя людзі, якія з высокай годнасцю пражылі сваё доўгае жыццё.

Такі падмурак выбудавала бацькоўская калыска для Зоі. Таму відавочна, яе чакаў няпросты прафесійны і жыццёвы шлях, але гэта – напрамак поспеху, развіцця, усеграмадскага прызнання и справядлівай пашаны.

Скончыўшы Малюшыцкую сярэднюю школку, Зоя марыла стаць юрыстам, што вельмі пасавала яе жваваму характару, прагнаму да справядлівасці. Аднак ёй быў наканаваны іншы лёс. Яшчэ зусім юначкай пачала працаваць на турыстычнай базе “Беларусь” Мінскага абласнога савета па турызме і экскурсія. З тых гадоў Зоя Міхайлаўна прысвяціла сябе турыстычнай сферы і на практыцы, і ў навуцы. Стаж працы ў сістэме турызму склаў больш за 50 год.

У 1975 г. паспяхова вытрымаўшы конкурс, яна паступіла ў Акадэмію працы і сацыяльных адносін у г. Маскве на факультэт “Падрыхтоўка кадраў для турысцка-экскурсійных і санаторна-курортных установаў”. Там же бліскуча абараніла кандыдацкую дысертацыю.
Аднак родны кут цягнуў да сябе, таму вярнулася ў Мінск. Там пачала працаваць галоўным спецыялістам апарату Беларускага рэспубліканскага савета па турызме і экскурсіях. Займала пасаду спачатку загадчыка кафедры, а пасля дырэктара Беларускага інстытута турызму. Пад яе кіраўніцтвам была распрацавана Канцэпцыя падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў для індустрыі турызму, якая толькі пачынала сваё станаўленне.
Без сумневу, можна казаць аб тым, што кандыдат эканамічных навук, дацэнт Зоя Міхайлаўна з’яўляецца заснавальніцай навукі аб турызме ў Беларусі. У 1995 г. была ля вытокаў утварэння факультэта Вышэйшая школа турызму Беларускага Дзяржаўнага Эканамічнага Універсітэту. Больш за 20 гадоў кіравала ім, а па факце стала маці для соцень студэнтаў. Зараз працуе дацэнтам кафедры эканомікі і кіравання турыстычнай індустрыяй. Яе вызначаюць добразычлівасць і шчырасць, дбайнасць і адказнасць, ініцыятыўнасць і творчы падыход да любой справы. Вынікі яе працы – прафесіяналы турызму, што паспяхова працуюць на карысць Беларусі, якім яна перадае свой багаты досвед, назапашаны за гады прафесійнай дзейнасці вучонага і выкладчыка, кіраўніка, лектара. Гэта таксама і шматлікія навуковыя працы, падручнікі, кнігі, артыкулы. Валодаючы высокім адукацыйным узроўнем, інтэлектуальнымі здольнасцямі, уменнем самастойна і творча праводзіць даследаванні, Зоя Міхайлаўна выдала больш за 150 публікацый. Асабісты ўнёсак пакладзены ў распрацоўку Нацыянальнай праграммы развіцця турызму, дадаткі і змяненні ў Закон “Аб турызме” Рэспублікі Беларусь.

За поспехі і высокія паказчыкі ў сваіх прафесійных і грамадскіх дасягненнях Зоя Міхайлаўна шматразова ўзнагароджвалася. У гэтым пераліку Спецыяльная стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі; нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі», нагрудны знак Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь «За актыўнае развіццё турызму», ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Падзяка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска і інш.

Пералічыць усе дасягненні нашай зямлячкі не ўяўляецца магчымым, бо абшары яе здольнасцей сягаюць у бясконцасць. На ўсё хапае яе талентаў. Зоя Міхайлаўна спалучыла абавязкі навукоўцы і педагога, дачкі і маці, руплівай гаспадыні і выкшталцонай жанчыны дзякуючы рознабаковым здольнасцям, адданасці і ўменню працаваць, шчырасці і імпэту да жыцця.

Не аднымі перамогамі высланы жыццёвы шлях Зоі Міхайлаўны, аднак нягледзячы на ўсе турботы і выпрабаванні, яна засталася шчырай, сціплай, абаяльнай, жыццярадаснай, адданай сям’і, роднаму краю, радзімай вёсцы Мокрава і аколіцам. Кожны год аддае даніну павагі сваім родзічам і старым знаёмым, наведвае вёскі Валокі, Шчонава, Райцу, Малюшычы, Міратычы, Цырын. А таксама тых, хто спачывае вечным сном на вясковых могліцах. Пачуццё любові і прыхільнасці да свайго кута перадала і сваім нашчадкам.
Сапраўды, Зоя Міхайлаўна годна ўвайшла ў гісторыю краіны, плённа працуе на яе карысць і пэўна славіць Карэліцкі край.

Ірына ШАМАРДЗІНА, загадчык кафедры маркетынгу БНТУ

 

http://www.polymia.by