ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
02 мая 2024 года

У сельскай бібліятэцы аг. Мураваная Ашмянка прайшоў краязнаўчы вечар “Людзі, якія праславілі вёску”

143

У рамках патрыятычнага бібліямарафону “Беларусь начинается здесь и сейчас” у сельскай бібліятэцы аг. Мураваная Ашмянка прайшоў краязнаўчы вечар “Людзі, якія праславілі вёску”.

Падчас мерапрыемства ўспомнілі самых старэйшых жыхароў Мураванай Ашмянкі і заслужаных калгаснікаў, першых удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Была падрыхтавана кніжная выстава “Край мой родны, край гасцінны”.

Жывуць у вёсцы людзі, за плячыма якіх цэлае жыццё, адданае шчырай, добрасумленнай працы на карысць сваёй вёскі і роднай зямлі. Гэта жыхары, якія перасягнулі 90-летні рубеж: Леонія Баркоўская, Леакадзія Малышка, Ядзвіга Міскеловіч, Леанарда Касперовіч. Апошняя прысутнічала на мерапрыемстве. Яна вялікая працаўніца, добрая маці, заслужаная калгасніца і цудоўная выканаўца народных песень.

Лепшыя гады свайго жыцця аддала калгасу Яніна Суровіч. Яна — адна з першых удзельніц мастацкай самадзейнасці, жанчына не толькі спявае, але і ўдзельнічае ў драматычных пастаноўках.

Шмат гадоў адпрацавала паштальёнам Станіслава Бітэль, якая ў вольны час была актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. А колькі прыпевак яна ведае, ніхто яе і зараз не пераспявае.

Добра ведаюць у Мураванай Ашмянцы, і не толькі, залаты голас раёна, вобласці і нават рэспублікі Алу Лыскойць. Шмат гадоў адпрацавала ў мясцовай аптэцы Зінаіда Швабовіч, якую вяскоўцы ведаюць яшчэ і як выдатную траўніцу.

Заўсёды разам Жанна і Іван Кірышчэнка, за плячыма якіх — больш 60 год сямейнага жыцця. Жанна Міхайлаўна — выдатнік адукацыі, Іван Мацвеевіч каля 30 год працаваў дырэктарам школы. Але яны знаходзілі час, каб прыйсці на рэпетыцыі ў клуб. Жанна Міхайлаўна — сцэнарыст, вядучая амаль усіх канцэртаў і мерапрыемстваў, салістка і ўдзельніца харавога калектыву і вакальных груп.

Летам 1969 года пасля заканчэння педвучылішча прыехала працаваць настаўніцай і засталася ў вёсцы назаўсёды Галіна Варанецкая. Акрамя работы і выхавання сваіх дзяцей, Галіна Іосіфаўна знаходзіла час разам з мужам Міхаілам Баляслававічам удзельнічаць у розных гуртках мастацкай самадзейнасці пры клубе.

Прымае актыўны ўдзел у жыцці вёскі і Данута Міхайлоўская. То сабярэ дзяцей, каб пачысціць крынічкі, то майструе шпакоўні, то робіць кладачкі праз канавы, каб людзям лягчэй было перайсці, то майструе лаўкі, каб моладзь, старэйшыя людзі маглі пасядзець, пагутарыць, адпачыць. А колькі яна сабрала матэрыялу пра гісторыю вёскі! Чалавек апантаны, творчы. Малюе карціны, піша гумарэскі. Яе творы “Гумарэска” і “Высакародныя мары” змешчаны ў зборніку “Краю мой — Нёман”. Данута Канстанцінаўна — цудоўны майстар мастацкага слова, не адзін раз займала прызавыя месцы на абласной сцэне. І нават пабывала ў Мінску на рэспубліканскім конкурсе, дзе стала лаўрэатам.

Шмат гадоў аддала выхаванню дзяцей Марыя Мацвейка. Марыя Станіславаўна выкладала беларускую мову і літаратуру, сотні выпускнікоў правяла яна ў жыццёвы шлях.
Унеслі вялікі ўклад у творчае жыццё Мураванай Ашмянкі былы настаўнік Зыгмунд Цянкевіч разам з жонкай Людмілай Францаўнай.

Вярнулася на малую радзіму Таццяна Былінская-Бальцэвіч. Яна працягнула творчы шлях сваёй маці. Адразу ўлілася ў фальклорную групу і сваім цудоўным голасам не раз радавала аднавяскоўцаў.

Гэтыя людзі праслаўлялі Мураваную Ашмянку не толькі сумленнай працай, але і сваім талентам. Ім апладзіравалі на абласной і рэспубліканскай сцэнах. Дзякуючы беларускаму тэлебачанню фальклорную групу “Выток” убачыла ўся Беларусь. На абласным аглядзе-конкурсе “Прынямоння жыватворныя крыніцы” група заняла 2-е месца.

Таццяна ЦІХАНОВІЧ, бібліятэкар.

 

Источник - https://www.osh.by