ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
04 мая 2024 года

У Лідскім замку пачала работу новая выстава “Пра чарнільніцы і не толькі”

175
Школьныя, дарожныя, сувенірныя… Экспанаты розных эпох, розных дзяржаў. Простыя і вытанчаныя. Гэта ўсё старыя забытыя чарнільніцы, унікальная магчымасць убачыць якія ў вялікай колькасці з’явілася на днях у наведвальнікаў Лідскага замка. І не толькі ўбачыць, але і папісаць на паперы з дапамогай чарніла і пер’евай ручкі. У выставачнай зале замка пачала работу новая выстава “Пра чарнільніцы і не толькі”.

– Гісторыя чарнільніц унікальная, паколькі з імі цяпер не сутыкаюцца ў побыце, аднак па гістарычных мерках чалавецтва развіталася з імі зусім нядаўна, – расказвае куратар выставы, захавальнік фондаў Лідскага гісторыкамастацкага музея Яна Каспяровіч. – Гэтая пазабытая частка гісторыі здольна аб’ядноўваць пакаленні, паколькі старэйшае пакаленне аж да 70-х гадоў мінулага стагоддзя не ведала іншага спосабу пісьма, а малодшае магло толькі ўбачыць мудрагелістую пасудзіну дзесьці ў антрэсолі як пазабыты, але дарагі памяці прадмет. На гэтай выставе прадстаўлены прадметы з фондаў Лідскага гісторыкамастацкага музея, частка якіх раней належала лідскаму калекцыянеру Чаславу Серафіновічу (дарэчы, аўтару кніг пра чарнільніцы). Ён, магчыма, адзіны ў Беларусі збірае менавіта гэтыя прадметы. Часлаў Серафіновіч пайшоў нам насустрач і перадаў у наш музей сваю калекцыю чарнільніц. Да гэтага чарнільніц у нашых фондах было ўсяго крыху больш за дзесяць. Зараз іх у нас больш за сотню.

Як далей даведаўся карэспандэнт, большасць чарнільніц, флаконаў і бутэлек для чарніла, іншых прадметаў для пісьма, якія знаходзяцца ў экспазіцыі, ахопліваюць час ад царскай Расіі да канца мінулага стагоддзя. Напрыклад, тут можна ўбачыць чарнільніцы, якія выраблялі на шкляных заводах, што належалі прамысловай імперыі Мальцова, флаконы для чарніла фабрыкі ваксы і чарніла Лукоўнікава, а таксама хімічнага завода “Карона”, які з 1929 года прадстаўляў хімічную прамысловасць у нашым горадзе Лідзе (знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы 8 Сакавіка). Ёсць на выставе чарнільніцынепралівайкі, чарнільніцы-статуэткі, дарожныя чарнільніцы і г. д. Найстарэйшая ж чарнільніца ў экспазіцыі адносіцца да XVII-XVIII стагоддзяў.

– Геаграфія прадстаўленых экспанатаў – у асноўным Савецкі Саюз, ёсць чарнільніцы з царскай Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, – дадае Яна Аляксандраўна. – Можна заўважыць, што школьныя чарнільніцы для дзяўчынак аформлены больш цікава і вытанчана, чым для хлопчыкаў. У камплекце з некаторымі чарнільніцамі ёсць ручкі, прамакальныя прыборы.

Пазнавальна-забаўляльная частка выставы прадстаўлена мультфільмамі і пазнавальнымі майстар-класамі. У інтэрактыўнай зоне кожны жадаючы можа паспрабаваць напісаць тэкст на паперы з дапамогай старых забытых чарніла і пер’евай ручкі.

– Музейную калекцыю чарнільніц і іншых прадметаў для пісьма могуць папоўніць самі наведвальнікі, – адзначыла падчас адкрыцця выставы намеснік дырэктара па навуковадаследчай рабоце Лідскага гісторыкамастацкага музея Наталля Хацяновіч. – Музей запрашае да супрацоўніцтва іншых лідскіх калекцыянераў для стварэння ў будучым віртуальных выстаў незвычайных калекцый – напрыклад, запалкавых пачкаў, гузікаў і г. д.
Текст: Александр МАЦУЛЕВИЧ