ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
07 мая 2024 года

Святая да прафесіі любоў. Споўнілася 40 год, як Алена Лысеня працуе ў сферы культуры

148

Саму Алену Лысеню хочацца назваць чалавекам-святам: ад сугучнага – свяціць, ззяць прамяністай усмешкай, радаваць сваімі ад сэрца ідучымі песнямі і Богам адораным чыстым, звонкім, мілагучным голасам.

 

Як імчыць час! У жніўні споўнілася роўна сорак год, як Алена Вацлаваўна працуе ў культурнай сферы. Гэта сёння яна ўзначальвае, бадай, самы знакавы і прыгожы “аграгарадкоўскі” цэнтр культуры – Васілішкаўскі, які па праве называюць сучасным палацам: адна крышыльная люстра на некалькі метраў у даўжыню чаго варта! А белы раяль? І Алена Лысеня, і яе калегі ды аднавяскоўцы па праве ганарацца сваім шыкоўным ЦК з цудоўнымі ўмовамі для творчай працы і проста зайздроснай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Але ж не з просту кажуць людзі: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца.

 

У 17 год – на пасаду дырэктара!

У 1983 годзе юная выпускніца Гродзенскага культасветвучылішча Леначка Данілевіч у якасці маладога спецыяліста прыбыла на сваё першае ў жыцці рабочае месца – у сціплы сельскі клуб прынёманскай вёсачкі Сарокі. Усё б нічога, але 17-гадовую дзяўчыну адразу назначылі дырэктарам культустановы. Ні табе вопыту работы, ні досведу кіраўніцтва – толькі выдатныя адзнакі ў дыпломе, рэкамендацыі выкладчыкаў для паступлення ў сталічны інстытут культуры і… неверагодная адкрытасць, камунікабельнасць, уменне заваёўваць сімпатыі людзей. Вось, бадай, гэты арсенал і дапамог маладой-нявопытнай стварыць дружны калектыў самадзейшчыкаў і энтузіястаў. Работа ішла заўзята, весела, нефармальна. На дыскатэкі ў клуб з’язджалася ўся моладзь з наваколля, іншы раз аддаючы перавагу “сарокінскім вечарынам” перад танцпляцоўкі салідных местачковых ДК. “Моцная канкурэнтка прыйшла”, – паўжартліва гаварылі калегі.

 

А якія канцэрты рыхтавалі! Радавалі не толькі сваіх аднавяскоўцаў, але і гастралявалі па ўсім раёне, з поспехам выступалі на аглядах-конкурсах і фестывалях. Высокую планку мерапрыемствам у цэлым і кожнаму асобнаму нумару праграмы задавала сама Алена, чые вакальныя дадзеныя, грунтоўныя тэарэтычныя веды, неабыякавасць давалі добры плён.

 

Не абходзілася іншы раз і без кур’ёзаў. Абагаўляючы народную песню, Алена вышуквала таленты сярод самародкаў, запісвала фальклор, прыцягвала на сцэну носьбітаў аўтэнтычных творчых жамчужын – людзей старэйшага пакалення. І вось аднойчы падчас канцэрту адзін вясковы дзядок займеў такія сімпатыі публікі, такія гарачыя апладысменты на біс, што і сам не заўважыў, як ў куражы адышоў ад праграмы і саспяваў частушку… ну з вельмі моцным слаўкам у тэксце! Зала трэслася ад смеху, бо частушка казалася трапнай і злабадзённай. А вось Алене Вацлаваўне было не да гумару: па сённяшні дзень памятае строгую размову з надзвычай прынцыповым кіраўніком метадычнай службы аддзела культуры Вольгай Абухоўскай. Ды толькі справядлівасці дзеля варта сказаць: часцей за ўсё Вольга Міхайлаўна падтрымлівала і хваліла маладых ды таленавітых дзяўчат, што з душой працавалі ў глыбінцы, дарылі святы хлебаробам, беражліва і з любоўю шанавалі народныя абрады і традыцыі. А.В. Лысеня менавіта з гэтай кагорты.

 

У сваю прафесію яна прыйшла па прызванні, а на сцэне выступала з самага маленства дзякуючы маме – настаўніцы малодшых класаў і спеваў Яўгеніі Міхайлаўне Данілевіч. Матуля, якая жыве ў вёсачцы Баяры, і зараз натхняе і падтрымлівае дачку.

 

“Гурнофельцы не хацелі мяне адпускаць ў Васілішкі”

Яшчэ адна яркая старонка ў працоўнай біяграфіі нашай гераіні – дырэктарства ў Гурнофельскім ЦДК. Сюды яна перавялася ў 1984-м, калі ўжо стварыла сям’ю. Дом культуры хоць і гучна лічыўся цэнтральным, аднак мясціўся ў былой панскай канюшні з усім выцякаючым... Матэрыяльна-тэхнічная база таксама не вытрымлівала аніякай крытыкі, аднак Алена не з тых, хто баіцца цяжкасцей. Многія праблемы (ці то з выбітым аконным шклом, ці то з іншымі рамонтнымі работамі) дапамагаў вырашаць муж – Яраслаў Яраслававіч, які заўжды разумеў творчую натуру сваёй палавінкі. На новым месцы жанчына зноў стварыла крэатыўную каманду, якая проста фантаніравала ідэямі. “Прабіла” новая кіраўніца і крутую на той час музычнаую апаратуру, здолела зацікавіць моладзь. Грымела слава і пра народны мужчынскі хор у Гурнофелі. З задавальненнем прыходзілі вяскоўцы на рэпетыцыі, на вечары адпачынку. У навагоднюю ноч яблыку не было дзе ўпасці. А Купалле ладзілі на беразе мясцовага возера.

 

– Гэта быў каласальны вопыт, – узгадвае Алена Вацлаваўна.

 

Сапраўды, пісаць сцэнарыі, быць рэжысёрам, прадзюсарам, канферансье, спявачкай, выконваць любыя ролі – ад Снягурачкі да клоўна, арганізоўваць этнаграфічныя экспедыцыі, ствараць мастацкія гурты – ды хіба ўсё пералічыш, што падуладна гэтай жанчыне? Пры гэтым ніхто не адмяняў абавязкі адміністратара, менеджара і нават “заўхоза” ў адной асобе!

 

– Вядома, я ніколі б не справілася ў адзіночку. Заўжды дапамагалі калегі і паплечнікі, кіраўнікі сельгасарганізацый і сельвыканкама, аддзела культуры. Мне вельмі шанцуе на людзей, – лічыць А.В. Лысеня– Вось і зараз, калі арганізоўваем маштабнае свята, з актывам збіраемся ў старшыні Васілішкаўскага сельвыканкама Тамары Іванўны Зубрыцкай, калектыўна абмяркоўваем і ўлічваем-пралічваем усе нюансы.

 

 

Менавіта дзякуючы ўніверсальнаму вопыту і высокаму прафесіянальнаму майстэрству ў 2012 годзе Алене Вацлаваўне даверылі ўзначаліць культустанову новага пакалення – толькі-толькі здадзены ў эксплуатацыю велічны і прыгожы цэнтр культуры. Пры гэтым патрабаваліся інавацыйныя падходы да працы.

 

Ад “Васільковай раніцы”да залатых надвячоркаў

40 год у прафесіі, больш за дзясятак з іх – на адказнай працы ў славутым аграгарадку, які пастаянна наведваюць дэлегацыі з усёй Беларусі і нават замежжа, выступаюць зоркі эстрады, цыркавыя артысты. Задача няпростая перад усімі трымаць марку.

 

– І зноў жа, мне пашанцавала, што кіраўніцтва ААТ “Васілішкі” з разуменнем адносіцца да патрэб культуры, што ўсталявалася плённае супрацоўніцтва, – дзеліцца А.В. Лысеня– Мы з задавальненнем арганізоўваем “Зажынкі” і “Дажынкі”, ушаноўваем работнікаў аграпрадпрыемства ў прафесійныя святы – словам, заўсёды падстаўляем плячо. І нам таксама прыходзяць у патрэбную хвіліну на дапамогу.

 

У Васілішкаўскім ЦК праходзіць мноства цікавых мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць дзясяткі, а іншы раз і сотні людзей. Вось і нядаўна ў фестывалі “Чароўны свет музыкі”, што стаў яркай візітоўкай гэтага краю, прынялі актыўны ўдзел прадстаўнікі мясцовых устаноў і арганізацый, парафіяне касцёла, сабраліся таленавітыя музыканты і вакалісты не толькі з Васілішак, але з ўсяго раёна. Свае фарбы ўносіў у святочную канву сапраўдны гастра-фэст, дзе тутэйшыя гаспадынькі здзіўлялі кулінарным майстэрствам.

 

А якое свята без народнага ансамбля “Васільковая раніца”?! Гэты папулярны гурт, што таксама нарадзіўся з прыходам А.В. Лысені, стаў ужо брэндам Васілішак. – А вось сярод аматарскіх аб’яднанняў асаблівай атмасферай выдзяляецца “Залаты ўзрост”, у шэрагі якога ўваходжу не толькі па службе, – кажа Алена Вацлаваўна. – Мне самой падабаецца бавіць вольны час у кампаніі мудрых, душэўных людзей-жыццялюбаў, што бясконца імправізуюць, устройваюць дэфіле сваіх вырабаў, выставы творчых работ.

 

Многа ўвагі васілішкаўскія работнікі культуры ўдзяляюць і выхаванню моладзі, вучаць быць патрыётамі роднай зямлі, прапагандуюць здаровы лад жыцця, ладзяць захапляючыя святы для маленькіх імяніннікаў. Некаторыя з паслуг – платныя, але запатрабаваныя! Уявіце сабе, тут ужо выканалі даведзены гадавы план па платных паслугах і зарабілі каля 23 тысяч рублёў.

 

– За ўсё ўдзячна людзям, з якімі працую, – прызнаецца наша гераіня. – Гэта і мастацкі кіраўнік Юрый Барысевіч, і наш тэхнічны персанал, які крэатыўна падыходзіць да афармлення сцэны, дэкарацый, а калі трэба – актыўна ўключаецца ў мастацкую самадзейнасць. Валянціна Сяргей, Святлана Сяргеева, Ніна Янковіч, Вітольд Сяргей – гэта ўсё члены нашага згуртаванага калектыву.

 

 

Творчы партрэт Алены Вацлаваўны Лысені будзе няпоўным, калі не сказаць, што адбылася яна не толькі як прафесіянал ды творчая асоба, але і як жанчына – жонка, мама, бабуля. Яны з мужам выхавалі добрых і разумных дзяцей. Вольга – метадыст у адным з дзіцячых садкоў горада Гродна, “падарыла” бацькам дваіх унукаў. А сын Вадзім, эканаміст па дыпломе, усё ж вырашыў прысвяціць сябе пачэснай прафесіі “абараняць Радзіму”: ён ужо капітан і да ўсяго тата паўгадовага сыночка Максімкі.

 

– Я ніколькі не шкадую, што ўсю сябе да апошняй кропелькі аддавала і аддаю любімай рабоце, – кажа Алена Вацлаваўна– Я кожны дзень іду на работу як на свята. Тым і шчаслівая.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

https://dzyannica.b