Свята атрымалася

У рамках інфармацыйнага тыдня «Чытаем і гаворым па - беларуску» у пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі бібліятэчных работнікаў Карэліцкага раёна адбылося цікавае і змястоўнае мерапрыемства «Бібліявячоркі - 2017», якое прысвечана прафесійнаму святу Дню бібліятэк.
Усе пакоі бібліятэкі ладзіліся ў беларускім нацыянальным каларыце. У чатальнай зале прадстаўлена шыкоўная выстава вышываных карцін і сурвэтак.
На абанеменце - беларуская хата – траўніца, дзе прадстаўлены гаспадарчыя прылады працы і дамашнія рэчы, посуд, а таксама стравы беларускай кухні.
Чытачоў чакала сустрэча з паэтам Уладзімірам Цануніным, майстар – класы і кансультацыі па вырабах з гліны, саломапляценню і вышыўкай лентай. Таксама наведвальнікі акунуліся ў гісторыю беларускага адзення, як мужчынскага так і жаночага.
Працавала выстава работ майстроў аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёств» і выстава экспазіцыі ДУК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей».
Віншавалі бібліятэкараў са святам сацыяльныя партнёры- начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Санчук І.М., дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Арцюх Л.К., галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Куляка В.В., а таксама старшыня Карэліцкага раённага аб'яднання прафсаюза Шэўка Л.М. і старшыня райкома прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Н.У.Казарэз.
У рамках мерапрыемства лепшыя чытачы бібліятэкі ўзнагароджаны дыпломамі, а члены пярвічнай арганізацыі Ганаровымі граматамі і падарункамі .
На працягу ўсяго свята паўсюды гучала беларуская музыка і песні, гучала родная мова, такая прыгожая і мелагучная.
Па матэрыялам Карэліцкага райкома прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.