ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
19 апреля 2024 года

Са святам, творчыя людзі!

201

На пачатку кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў культуры – свята тых, хто дорыць іншым людзям радасць, песню, мастацтва.

Сваю адметную дату прадстаўнікі гэтай прафесіі сустрэлі канцэртам-шанаваннем, які адбыўся ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава.

Работнікі клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў, музеяў, народных калектываў нашага раёна прайшлі ў святочную залу па чырвонай дарожцы, як зоркі Галівуда, каб заняць лепшыя месцы ў глядзельнай зале.

Са словамі віншавання да прадстаўнікоў самай творчай прафесіі звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік:

– Дзякуючы вам і вашай працы кожнае свята дорыць людзям Дзятлаўшчыны радасць і добры настрой. Сваім невычарпальным натхненнем і верным служэннем мастацтву вы напаўняеце незабыўнымі ўражаннямі любы дзень нашага жыцця, верна служыце культуры, шчодра аддаючы свой талент і майстэрства людзям. А гэта значыць, што кожны з вас уносіць свой вялікі ўклад у развіццё культурнай палітыкі раёна. У гэты святочны дзень дазвольце падзякаваць вам за бязмежную любоў да абранай прафесіі. Няхай і ў далейшым ваша творчасць запальвае і сагравае сэрцы людзей.

Дзмітрый Расціслававіч уручыў Ганаровыя граматы Дзятлаўскага райвыканкама бібліятэкару раённай бібліятэкі Алене Хрышчановіч, загадчыцы Дварэцкага дома культуры Людміле Баклушынай, гукааператару Гезгалаўскага дома культуры Вользе Аўсянік.

Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны вадзіцель бібліобуса Іван Якшук, загадчыца аддзела па кінавідэаабслугоўванні Ірына Сарачынская, вадзіцель аўтобуса цэнтра культуры і народнай творчасці Сяргей Варэйка, галоўны захавальнік фондаў гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Якаўчык.

Таксама ён уручыў узнагароды раённага Савета дэпутатаў прафесіяналам сферы: Ганаровую грамату райсавета – бібліятэкару Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Алене Якаўчык; Падзячны ліст старшыні райсавета – майстру народных рамёстваў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Сяргею Балыкову.

 

Вялікую ўдзячнасць за работу, самаадданасць і ўзаемную падтрымку ўсім работнікам культуры, ветэранам сферы выказаў загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько. Ён пажадаў калегам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, каб ніколі іх не пакідалі творчасць і натхненне, каб яны маглі ўсё больш і больш радаваць і здзіўляць гледачоў сваімі канцэртамі, выставамі, мерапрыемствамі. За добрасумленную працу ён адзначыў работнікаў культуры граматамі сектара.

Асаблівыя словы падзякі і кветкі былі адрасаваны ветэранам сферы культуры, якія даўно знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але ўвесь час падтрымліваюць сваіх малодшых калег.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка, кіраўнікі прафсаюзных камітэтаў школ мастацтваў раёна Жанна Лукашэня і Лілія Дзегцярова павіншавалі маладых спецыялістаў, якія сёлета прыйшлі ва ўстановы культуры раёна, з іх першым прафесійным святам і ўручылі членскія білеты галіновага прафсаюза.

У гэтам годзе адразу некалькі калектываў Дзятлаўшчыны святкуюць свае юбілеі. У юбілярах – адразу тры бібліятэкі: Хвінявіцкая сельская бібліятэка-клуб адзначыла сваё 65-годдзе, Раклевіцкая сельская бібліятэка і Новаяльнянская гарпасялковая бібліятэка-цэнтр стасункаў і інфармацыі – 75-годдзе. Віншаванні з прыгожым 45-гадовым юбілеем прымаў народны фальклорны калектыў вёскі Погіры пад кіраўніцтвам Тамары Ступак.

Важкі 85-гадовы юбілей сустракае Новаяльнянскі духавы аркестр, кіраўніком якога з’яўляецца Сяргей Майсюк. Усіх юбіляраў павіншавалі на раённай сцэне, уручылі граматы і грашовыя сертыфікаты ад раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Наўзамен калектывы парадавалі гледачоў сваім выступленнем.

Музычныя падарункі да Дня работнікаў культуры сваім калегам зрабілі Іна Анушкевіч, Марына Міхалоўская, Андрэй Добыш і Аляксандр Баклушын, Ірына Бакшук і Васіль Шпігановіч, Маргарыта Шчарбакова, Сяргей Малышчык.

Наталля АВЯРЧУК

 

Источник - http://diatlovonews.by