ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
03 мая 2024 года

Разгадаць лёс народнага жыцця

193

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча, прысвечаная 90-гадоваму юбілею з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, нашага земляка Вячаслава Адамчыка.

Імпрэза сабрала людзей, якія былі асабіста знаёмыя з Вячаславам Уладзіміравічам, і іншых нераўнадушных да беларускай літаратуры дзятлаўчан.

Вядучыя правялі гасцей сустрэчы сцяжынамі жыцця выдатнага беларускага пісьменніка. Ён з’явіўся на свет у невялікай вёсачцы Варакомшчына ў сям’і малапісьменных сялян, якія дбалі, каб іх дзеці атрымалі адукацыю. Вячаславу ішоў восьмы год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Аднак ён вучыўся ў час акупацыі, скончыў тры класы, пасля вызвалення атрымліваў адукацыю ў Новаяльнянскай школе, на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.

Ён нарадзіўся, каб праславіць родную зямлю, адкрыць у літаратуры сваю тэму ­– жыцця беларускай вёскі, сказаць сваё арыгінальнае слова чытачу, паклікаць яго на прасторы палёў, да рэчкі Ятранкі, у сасновыя бары за Варакомшчынай, лугі, дзе красуюць кветкі і травы.

 

Калісьці, завяршаючы аўтабіяграфію, пісьменнік сказаў: “Шчаслівы буду, калі на ніве беларускае літаратуры ўзыдзе і маё зярнятка”.

– Прайшлі гады, і ў роднай літаратуры можна заўважыць Адамчыкаву жытнёвую палоску, засеяную чыстым буйным зернем, – адзначылі бібліятэкары.

Нягледзячы на тое, што сваю літаратурную дзейнасць Вячаслаў Адамчык пачынаў з вершаў, паэтам ён так і не стаў, але дасягнуў неверагодных вышыняў у празаічным жанры. Як узгадваў у аўтабіяграфіі, ён заўжды хацеў пісаць і пісаў пра беларускую вёску, у сваіх творах імкнуўся разгадаць лёс і наканаванасць народнага жыцця.

 

Успамінамі аб знаёмстве з выдатным літаратарам, самабытным, простым і адкрытым чалавекам падзяліліся пісьменніца Леанарда Юргілевіч і краязнаўца, колішні дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Фёдар Красюк. Ядвіга Гушча ўзгадала аб тым, як у нашым раёне адкрылі памятны знак, прысвечаны Вячаславу Адамчыку.

Да сустрэчы работнікі бібліятэкі падрыхтавалі выставу кніг аўтара, экспаліцыю, у якой адлюстравалі вобраз беларускага пісьменніка.

Наталля АВЯРЧУК

 

http://diatlovonews.by