ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
28 апреля 2024 года

Песня пачынаецца з сям’і

168

У сферу культуры людзі трапляюць рознымі шляхамі: адны ледзь не нараджаюцца з мікрафонам, пачынаюць таленавіта спяваць з ранняга дзяцінства, другія ўсведамляюць выбар будучай творчай прафесіі пасля школы, а ёсць тыя, хто прыходзіць у гэту справу нечакана, ад гэтага не менш цэніць хлеб работніка культуры.

Тут пачынаецца гісторыя цудоўнай пары – Людмілы і Аляксандра Баклушыных, у якіх адны на дваіх песня, каханне і лёс. Сёлета іх сям’і спаўняецца 30 гадоў.

 

Думаю, многія дзятлаўчане ведаюць і любяць іх творчасць, але не ўсе знаёмы з двума цікавымі фактамі іх біяграфіі. Напрыклад, такім, што Людміла і Аляксандр – не адзіны дуэт Баклушыных на Дзятлаўшчыне: пачынальнікамі песеннай традыцыі ў іх сям’і былі бацькі Аляксандра – Клаўдзія Аляксееўна і Аляксандр Сямёнавіч, ад якіх дзеці з удзячнасцю перанялі добрыя традыцыі і песні. У падарунак ад матулі яны атрымалі цэлы сшытак аўтэнтычных песень, якія і цяпер часта выконваюцца на сямейных сустрэчах.

А яшчэ Людміла Баклушына па адукацыі – медыцынскі работнік, яна прыехала з Баранавічаў па размеркаванні ў Дварэцкую амбулаторыю, тут сустрэла суджанага і знайшла сябе. На пытанне, што было найперш, сям’я ці песня, Людміла Іванаўна ўпэўнена адказвае:

– Вядома, сям’я! На Дзятлаўшчыне я 8 гадоў працавала па медыцынскай спецыяльнасці і нават не ўяўляла, што некалі буду спяваць на сцэне. У вольны час хадзіла на мясцовую дыскатэку, пазнаёмілася з будучым мужам, які мяне “ўцягнуў” у свет музыкі.

Сам Аляксандр Баклушын усё жыццё працуе ў сферы культуры, з якой некалі пазнаёміў і маладую жонку: разам хадзілі на рэпетыцыі, яна дапамагала яму ладзіць мерапрыемствы, спрабавала спяваць пакрысе ў мастацкай самадзейнасці, пакуль аднойчы муж не прапанаваў выступіць дуэтам.

– Як цяпер помню, упершыню выконвалі песню “Стары знаёмы” Ірыны Алегравай на раённым аглядзе-конкурсе сямейнай творчасці, з ёй занялі першае месца і паехалі прадстаўляць Дзятлаўшчыну ў Масты, – успамінае жанчына. – З таго дня спяваем заўжды разам.

Людміла Баклушына прызнаецца, што яна дагэтуль баіцца выходзіць на сцэну без падтрымкі мужа, таму амаль ніколі не выступае сольна, толькі ў дуэце або калектыве “Мара”, які ў 2020 годзе быў створаны з лёгкай рукі таленавітага спевака і культарганізатара, іх калегі  Андрэя Добыша. Андрэй Андрэевіч навучыў калектыў спяваць чатырохгалоссем, выконваць не толькі эстрадныя песні, але і народныя. Цяпер “Мара” – візітная картка турызму на Дзятлаўшчыне, пастаянны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў, абласных і рэспубліканскіх фестываляў.

У 2000 годзе Людміла Баклушына афіцыйна далучылася да дружнага калектыву работнікаў культуры, за 23 гады толькі ўмацавалася ў сваім выбары. За гэты час атрымала спецыяльнасць работніка культуры ў Мінскім інстытуце перападрыхтоўкі кадраў, узначаліла філіял “Дварэцкі дом культуры”, які стаў для жанчыны не проста месцам работы, а вялікай дружнай творчай сям’ёй.

– Шчыра люблю сваю справу – святочную, яркую, калі ты заўжды з песняй, заўжды ў цэнтры  падзей і ўвагі, – дзеліцца Людміла Іванаўна. – Гэта асаблівая прафесія, не кожны зможа вытрымаць такі графік, калі працуеш усе святы і выхадныя. Але як закахаешся ў яе аднойчы, ужо ніколі не пакінеш.

Наталля АВЯРЧУК

Источник - http://diatlovonews.by