ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
25 апреля 2024 года

Навагрудскі замак, палац Друцкіх-Любецкіх, музей Баграціёна – на старонках праекта "Бацькаўшчына"

345

Гродзеншчына – куток беларускай зямлі з багатай гісторыяй.

У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў сумесны гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пачатак праекту надало выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з асабістай калекцыі аўтара.

“Гродзенская праўда” падтрымала праект і, пачынаючы з 14-га нумара газеты, адкрывае цыкл фотапублікацый, прысвечаных гістарычнай спадчыне гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак Гродзеншчыны.

Дарэчы, калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50 тысяч экзэмпляраў. Многія ўнікальныя паштоўкі і фотаздымкі ўвайшлі ў кнігі-фотаальбомы аўтара, сярод якіх ёсць выданні, прысвечаныя гісторыі Гродна, Навагрудка, Ліды, Свіслачы, Слоніма, Смаргоні, Ашмян. У гэтым годзе плануецца, што пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ўбачаць свет яшчэ тры фотаальбомы пра Ваўкавыскі, Іўеўскі і Карэліцкі раёны.

Праект, безумоўна, унікальны і ставіць вельмі важную і актуальную задачу – вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны беларускага народа. Акрамя таго, ён будзе складаць аснову XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі, якая пройдзе 23-27 сакавіка.

Гродзеншчына – непаўторны куток беларускай зямлі з багатай гісторыяй. Кожны горад, кожная вёсачка тут дыхаюць таемнай спадчынай мінулага, якую нашы сучаснікі могуць вывучаць і даследаваць не толькі па папяровых гістарычных звестках, але і па фотаздымках.

Палац Друцкіх-Любецкіх

Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў палацы размяшчаліся розныя адміністрацыйныя ўстановы. Потым – воінская частка. Пасля яе расфарміравання палац паступова прыходзіў у заняпад. Доўгі час ішла работа над стварэннем праекта рэканструкцыі помніка архітэктуры. Цяпер адноўлены палац з'яўляецца адной з "візітак" горада. Музейная экспазіцыя палаца знаёміць гасцей з гісторыяй шчучынскай зямлі, яе выдатнымі ўраджэнцамі, архітэктурнымі помнікамі XVI - пачатку XX стагоддзяў.

Навагрудскі замак

Навагрудскі замак не толькі асноўная каштоўнасць Навагрудка, але і адзін з галоўных гістарычных помнікаў Беларусі. Унікальнае збудаванне абароннага дойлідства размешчана на адной з самых высокіх кропак краіны – Замкавай гары. Замак існаваў з XIII па XVII стагоддзі. Сёння захаваліся падмуркі ўмацаванняў з пабудовамі і руіны веж. З 2012 года на тэрыторыі замка рэалізуецца архітэктурны праект па рэканструкцыі з кансервацыяй, якім прадугледжана рэалізацыя шасці пускавых комплексаў.

Музей імя Баграціёна

Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна размешчаны ў двух будынках, злучаных галерэяй. Стары будынак быў пабудаваны ў 1805 годзе. У ім напярэдадні Айчыннай вайны 1812 года знаходзіўся штаб Другой Заходняй арміі пад камандаваннем генерала Пятра Іванавіча Баграціёна. Новы будынак быў адкрыты ў 2001 годзе. Пачатак музею быў пакладзены ў 1935 годзе. Яго заснавальнік і першы дырэктар Георгій Іосіфавіч Пех быў краязнаўцам. Ён сабраў  калекцыю прадметаў, якія ляглі ў аснову краязнаўчага музея. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей быў разрабаваны і зачынены. Пасля вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  быў адноўлены, а 27 лютага 1953 года пераўтвораны ў ваенна-гістарычны музей.

Воданапорныя вежы  "Кася" і "Бася"

З'яўленне гэтых аб'ектаў прамысловай архітэктуры звязана з пачаткам дзейнасці гродзенскага водаправода, які пачаў будавацца ў 1877 годзе. Заходняя (ружовая) вежа была ўзведзена ў 1890-м, а ўсходняя (жоўтая) – не раней 1915 года. Адкуль узяліся імёны "Кася" і "Бася", сёння ўжо дакладна ніхто не ведае. У канцы XX стагоддзя ў гэтых арыгінальных збудаваннях, 22-метровых вежах з багата дэкарыраванымі фасадамі размясціліся творчыя майстэрні Гродзенскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі.

Исчточник: Гродзенская прўда

Фото: из архивов ГП, открытки из коллекции Владимира Лиходедова