ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
03 мая 2024 года

«Наша задача – данесці да людзей гісторыю праз музейныя прадметы». Лаўрэат прэміі імя Дубко Настасся Навіцкая – аб працы ў Ашмянскім краязнаўчым музеі і поспехах калектыву

85

Лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко Настасся Навіцкая адзінаццаць гадоў узначальвае Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча і разам са сваім творчым калектывам робіць усё магчымае, каб сувязь часоў была трывалай, а новыя пакаленні, натхняючыся гісторыяй вялікіх продкаў, мелі моцныя карані і раслі патрыётамі.

Скарбы мінуўшчыны

У фондах Ашмянскага краязнаўчага музея – больш за 25 тысяч музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў: сапраўдныя скарбы мінуўшчыны, якія дапамагаюць наведвальнікам лепш зразумець гістарычныя падзеі і сваё месца ў гісторыі.

Шмат рэчаў, звязаных з дзейнасцю Францішка Багушэвіча: медальён з выявай паэта 1901 года, перавыданні паэта міжваеннага часу, прадметы мэблі і шклянога посуду з рэшткамі лістоў Элізы Ажэшкі да Багушэвіча, факсімільныя выданні. Тут можна дакрануцца да спадчыны аднаго 
з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і даведацца, за што сяляне любілі адваката Багушэвіча і чаму ён так любіў родную мову. Пачэснае месца ў экспазіцыі музея займаюць этнаграфічныя прадметы, звязаныя з гісторыяй роднага краю, матэрыялы часоў Вялікай Айчыннай вайны, калекцыя карцін і графікі з галерэі "НіКор" калекцыянера Мікалая Карнілава.

– Наша задача – данесці да людзей жывую гісторыю праз музейныя прадметы, прымусіць прадмет "загаварыць" і знайсці такую форму падачы, каб чалавек ім зацікавіўся, – расказвае Настасся Навіцкая. – У гэтым і ёсць праблема музейнай медыяцыі: прадметаў шмат, але калі з імі не працуюць спецыялісты, яны застаюцца мёртвымі.

Штогод музей наведваюць каля 8,5 тысячы чалавек. Экскурсіі, асветніцкія праекты, святы, музейныя заняткі, квэсты, выставы – розныя формы работы вабяць сюды землякоў і гасцей. Знакавымі падзеямі сталі выставы "Без тэрміну даўнасці" – пра генацыд беларускага народа 
ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якую 

за мінулы год наведала больш за дзве тысячы чалавек, "Пад святою абаронай Спаса" – да 140-годдзя ашмянскай царквы, "50 імгненняў: фоталетапіс жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа" з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску і іншыя. 

Летась падчас "Ночы музеяў" краязнаўчы музей прадставіў навацыю – прадстаўленне тэатра ценяў. У аснову пастаноўкі спектакля быў пакладзены сюжэт п’есы мясцовага пісьменніка Пятра Шаколы "Легенда пра Ляўко". Тэатр ценяў вельмі спадабаўся дзецям і ўжо набыў папулярнасць. 

Таямніцы Гальшанскага замка

Настассю Навіцкую можна сустрэць у турыстычны сезон ля сцен Гальшанскага замка, які тры гады таму ажыў, дзякуючы падтрымцы дзяржавы па захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, і набыў статус філіяла Ашмянскага краязнаўчага музея. Пасля адкрыцця экспазіцыі адноўленай Паўночнай вежы былая рэзідэнцыя Сапегаў набыла неймаверную папулярнасць і была ўключана ў шматлікія турыстычныя маршруты. За мінулы год яе наведалі больш за 21 тысячу (!) турыстаў. Таму работы ў музейшчыкаў, як кажуць, – непачаты край. 

– Мы імкнемся падаваць турыстам якасны і цікавы прадукт. І гэта не толькі належным чынам арганізаванае экскурсійнае суправаджэнне, святы, квэсты, але дастойная сувенірная прадукцыя, дагледжаныя тэрыторыя і аўтастаянка. Сённяшні турыст вельмі патрабавальны, – дзеліцца кіраўнік музейнай установы.

Акрамя класічных экскурсій, супрацоўнікі музея прапаноўваюць захапляльныя квэсты, інтэрактыўныя экскурсіі з элементамі містыкі. Вельмі падабаецца дарослым і дзецям гульнявая праграма "Соф’я запрашае", якую распрацавалі культработнікі раённага цэнтра культуры, а фэсты "Гальшанскі замак" і "Вечары ў Соф’і Гальшанскай" наогул сталі брэндавымі імпрэзамі Ашмянскага краю.

Сэрцам дакрануцца

– Арганізатарскія здольнасці, ініцыятыва, настойлівасць, уменне працаваць з людзьмі і захопленасць дазволілі Настассі Навіцкай дасягнуць высокага прафесіяналізму ў музейнай справе, – расказвае загадчык сектара культуры Ашмянскага райвыканкама Вольга Барысенка-Рабко. – Пад яе кіраўніцтвам актывізавалася асветніцкая і адукацыйная дзейнасць музея, ідзе інфарматызацыя і ўкараненне інтэрнэт-тэхналогій у музейную справу. 

Поспехі калектыву Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча не застаюцца незаўважанымі. За важкі ўнёсак у захаванне і развіццё нацыянальнай культуры ашмянскія музейшчыкі адзначаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта. У 2022 годзе філіял стаў дыпламантам ХХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу "Пазнай Беларусь" у намінацыі "Музей года". Па выніках работы за 2022 год калектыў музея занесены на раённую Дошку гонару. А нядаўна дырэктар музея Настасся Навіцкая атрымала абласную прэмію імя Аляксандра Дубко ў галіне культуры і мастацтва.

– Гэта заслуга ўсяго нашага творчага калектыву аднадумцаў пры подтрымцы раённай улады, – сціпла падкрэслівае Настасся Васільеўна. – Мы шчыра любім сваю справу, жывем ёй, прагнем новых адкрыццяў. 

Дарэчы, прафесію музейнага работніка дзяўчына з Віцебскай вобласці выбрала свядома. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя Пушкіна, потым гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, магістратуру і аспірантуру пры ўніверсітэце, дзе навучалася па спецыяльнасці "Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў". Падчас вучобы сустрэла сваё каханне – студэнта-гісторыка Яўгена Навіцкага, і за ім пераехала на Ашмяншчыну. 

Клапатлівая маці двух дачок, цудоўная жонка і сябра-аднадумца свайму мужу, які ўзначальвае Кальчунскую сярэднюю школу, яна вельмі востра адчувае прыналежнасць да беларускай зямлі і велізарны гонар за нашу спадчыну. Нават вольны час сям’і звязаны з гісторыяй і наведваннем цікавых гістарычных месцаў: на веласіпедах Навіцкія даязджаюць да самых далёкіх вёсак, фатаграфуюць старыя лямусы, разбураныя сядзібы, размаўляюць з мясцовымі жыхарамі, каб даведацца нешта новае, знайсці каштоўнае для душы і… музея. 

Источник: grodnonews.by