ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
27 апреля 2024 года

На Кореличчине отметили 75-летие Гродненского областного объединения профсоюзов

193

У чытальнай зале Карэліцкай раённай бібліятэкі адбылося ўрачыстае мерапрыемства да 75-годдзя з Дня ўтварэння Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсазаў. Пачалося свята з дэманстрацыі фільма, і кінастужка дапамагла пазнаёміцца са шляхамі яго станаўлення.

Аб гісторыі прафсаюзаў Гродзенскай вобласці расказала ветэран прафсаюзнага руху раёна Лідзія Шэўка. «Час хуткаплынны, учора мы разам вырашалі задачы, а сёння я ў новым статусе ветэрана працы», — сказала яна і адзначыла, што трыццаць гадоў прысвяціла прафсаюзнай дзейнасці. На ўсім шляху свайго станаўлення прафсаюзы прымалі актыўны ўдзел у справах грамадства, і яны з’яўляюцца апорай і правадніком ідэй, праяўляюць клопат аб людзях.
Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская паведаміла аб дзейнасці ўзначальваемай арганізацыі, на рахунку якой шмат карысных спраў. Поле дзейнасці разнастайнае: разгляд зварот грамадзян, ахова працы, вучоба прафсаюзага актыву, ушаноўванне перадавікоў сельгасвытворчасці, аздараўленне працаўнікоў, адаптацыя маладых спецыялістаў, экскурсійная дзейнасць, удзел у выбарчых кампаніях, фестывалях, акцыях і іншае.

Актыўна жыве раённая прафсаюзная арганізацыя Беларускага прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў, якую ўзначальвае Інэса Сямібратава. Прафсаюзны лідар адзначыла, што праводзіцца разнастайная работа: удзел у выбарчых кампаніях і акцыях, фестывалях, конкурсах прафесійнага майстэрства, пасадка алей, экскурсійныя паездкі і шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Інэса Мікалаеўна назвала прафсаюзныя арганізацыі надзейнай апорай улады і выказала словы ўдзячнасці ветэранам прафсаюзнага руху, яго актывістам і сацыяльным партнёрам.

Згуртаваць, аб’яднаць, дапамагчы — накірункі дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, пра што паведаміла яе старшыня Наталля Казарэз. Прамоўца адзначыла, што ў структуру раённай арганізацыі ўваходзяць 5 арганізацый: клубных устаноў, бібліятэчных работнікаў, дзіцячых школ мастацтваў, спорту і турызму, рэдакцыя газеты «Полымя». Наталля Уладзіміраўна на прыкладзе пярвічнай арганізацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» расказала аб рабоце ўсіх пярвічных арганізацый. Сацыяльнае партнёрства арганізавана на належным узроўні. Сярод культурна-масавых мерапрыемстваў назвала раённыя святы: Масленіцу, Купалле, Мядовы фэст, Мястэчка, Улассе, абрады Калядкі, Зажынкі, Багач, а таксама Дзень працы і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, мерапрыемствы па здароваму ладу жыцця і іншае.

Залатымі старонкамі ў летапісе педагагічных прафсаюзаў Карэліччыны сённяшні лідар Ірына Кучко назвала лідараў, якія ўзначальвалі ў свой час раённы камітэт прафсаюзаў: Гэта Іван Вярбіцкі, Валянціна Клімаш, Міхаіл Улашчык, Ганна Кавалевіч, Ларыса Шугля, Ларыса Трафімчык і апора прафсаюзнага жыцця — галоўны бухгалтар Лідзія Анупрыенка.
«Галоўная мэта нашай арганізацыі — абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў, прафесійных інтарэсаў, стварэнне ва ўстановах адукацыі здаровых і бяспечных умоў працы. Мы стараемся, каб наша праца была празрытай і зразумелай кожнаму работніку, наша работа — справядлівай, аб’ектыўнай і поўнай,» — адзначыла Ірына Кучко.
Мерапрыемтвы з нагоды юбілею прафсаюза можна назваць урачыстымі, бо добры настрой стваралі работнікі культуры раёна. Выканаўцы цудоўных мелодый — трыа «Землякі», вакальны ансамбль «Імпульс», Ірына Бондарава, Алеся Рачынская, Аляксандр Каляда.

Напрыканцы сустрэчы Ірына Пянкоўская адзначыла, што аб’яднанне прафсаюзаў аб’ядноўвае яго членаў у вялікую сям’ю, і многія маглі б расказаць сёння аб сваёй дзейнасці. Пажадала ўсім моцнага здароўя, задавальнення ад зробленага і падзякі ад членаў прафсаюза.

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ

 

http://www.polymia.by