ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
24 апреля 2024 года

На Дзятлаўшчыне арганізавалі новы праект "Роднае-народнае". Яго мэта - расказаць пра самабытных майстроў Дзятлаўскага раёну

170

Напрамак развіваецца ў праекце "Глыбінкай жыве Беларусь".

Новы напрамак дзейнасці "Роднае-народнае" развіваецца ў рамках праекта "Глыбінкай жыве Беларусь".

Даследчую фальклорную экспедыцыю спецыялісты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бакшук і Марына Варган зладзілі да майстрыхі Соф’і Ляўкевіч.

- У нашай зямлячкі залатыя рукі, што яна неаднаразова даказвала на працягу свайго жыцця, і добрае сэрца, цеплыню якога дорыць блізкім людзям і ўкладвае ў мілагучныя песні і яркія вышыванкі, - адзначае Марына Лукіянец, загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Соф’я Канстанцінаўна займацца рукадзеллем, талент да якога, перадаўся ёй ад маці Еўдакіі Андрэеўны. За складаныя работы майстрыха ўжо не бярэцца, але з дапамогай іголкі і яркіх нітак яна яшчэ стварае “ражкі” (сурвэткі з вышыўкай на адным канцы).

- Контуры для будучых узораў Соф’я Канстанцінаўна наносіць ўручную, а затым акуратна запаўняе іх сцяжкамі гладзі – менавіта такая тэхніка дапамагае ствараць сапраўдныя самабытныя народныя шэдэўры. Яркія сакавітыя букеты, дзякуючы даўняму захапленню майстрыхі, “цвітуць” на яе рукатворных абрусах, ручніках, сурвэтках, дарожках, але найбольшае захапленне выклікае сцэнічны касцюм, упрыгожаны рукадзельніцай. Яго Соф’я Канстанцінаўна вышыла для сваіх выступленняў у саставе народнага фальклорнага калектыву вёскі Студзераўшчына. Гэта творчае аб’яднанне з’явілася ў 1975 годзе, у 1997 атрымала званне “народнага”. Калектыў заўсёды адрозніваўся непаўторнай манерай выканання, артыстызмам і каларытам. Песні выконвалі з падгалоскамі, рэпертуар быў багаты: ад каляндарна-абрадавых да прыпевак, гумарэсак, сямейна-бытавых, – падкрэсліла Марына Лукіянец.

Па яе словах, вельмі важна беражліва захоўваць тую культурную спадчыну, якую нам пакінулі продкі: нашы народныя песні, танцы, абрады, рамёствы, промыслы - усё гэта далучае нас да нашай гісторыі, дазваляе ўсвядоміць нацыянальную ідэнтычнасць і ўмацоўвае дзяржаўны суверэнітэт.

grodnonews.by