Мы ўсе разам… жніво ў Карэлічах

Жніво - самая адказная і гарачая пара ў жыцці хлебароба, бо ад ураджаю заўжды залежыць, які будзе хлеб на стале ў кожнага чалавека. У жніўні, як заўжды стаіць цеплая і спрыяльная пагода, і ў гэты час амаль усюды падыходзіць да канца збор злакаў. Яшчэ з даўна ў час збору ўраджаю нашы продкі спявалі песні, бо песня дапамагала ў працы, надавала ёй адметны рытм, давала магчымасць працаўнікам нейкім чынам аб’ядноўвацца, быць заўсёды ў камунікацыі — стаць вялікім калектывам, які робіць агульную і важную для ўсіх справу. Гэта традыцыя існуе і ў цяперашні час. Работнікі культуры, члены галіновага прафсаюза і ў час зажынак, і ў час працы, і ў час дажынак заўжды разам з хлебаробамі. Клубнікі спяваюць песні, бібліятэкары ладзяць агляды перыядычных выданняў. Не абыходзіцца ў гэты складаны час і без узнагарод.
Зусім нядаўна да нашых працаўнікоў завітала старшыня Цэнтральнага камітэта работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава з падарункамі і падзячнасцю за слаўную працу, з пажаданнямі моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і асабістага шчасця.
Час не стаіць на месцы і ўжо скора, у лістападзе, мы разам адзначым шчырае і багатае свята - Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці. І ўжо са сцэны будзем вітаць пераможцаў песнямі, танцамі і, канешне, падарункамі.
Наталля Казарэз,
старшыня Карэліцкага райкома прафсаюза
работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму