ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
25 апреля 2024 года

Мова родная, мілагучная…

1914

Гэтай ісціне веру даўно,

І яна для мяне, як замова:

У людзей ёсць багацце адно-

Чалавечае, добрае слова.

С.Законнікаў

 

Родная мова такая мілая, пяшчотная, гучная і такая цудоўная. Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легендаў і паданняў. Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Максім Багдановіч, Янка Брыль …. І сёння, напэўна, няма пісьменнікаў, якія б не выказалі  сваіх адносін да роднай мовы. У шматлікіх радках песняроў падкрэсліваецца яе значэнне ў жыцці грамадства, багацце і адметнасць, паказваецца сувязь мовы народа, культуры і гістарычнай памяці.

21 лютага народы нашай планеты святкуюць Дзень роднай мовы. Члены Беларускага  прафсаюза работнікаў культуры, і нфармацыі, спорту і турызму Карэліцкага раёна прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі гэтага мерапрыемства. Амаль ўсе бібліятэчныя ўстановы ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка” далучыліся да гэтага шыкоўнага свята і яшчэ раз нагадалі сваім наведвальнікам, што ёсць такі дзень, ёсць такое свята, што нездарма ён устаноўлены і святкуецца, што родную мову паважаць і аберагаць трэба, “… каб не ўмерла”.

Яшчэ за тыдзень да знакавай даты ў кожным “райскім” куточку (менавіта бібліятэка гэта асабісты рай для чалавека разумнага і пазітыўнага) ладзіліся цікавыя і змястоўныя кніжныя выставы, на якіх прадстаўлены  лепшыя творы з фондаў бібліятэк,  праводзіліся акцыі. У сам дзень арганізавана звыш 12 мерапрыемстваў: гадзіна роднай мовы “Мова родная – багацце народнае” (Карэліцкая раённая бібліятэка), “Чароўныя гукі роднай мовы” (Райцаўская сельская бібліятэка), “Ад зерня – колас. Ад слова – мова”  (Мірская гарпасялковая бібліятэка), гістарычная вандроўка “Погляд праз стагоддзі” (дзіцячая бібліятэка),  літаратурныя чытанні “Сэрцам роднага слова краніся” (Палужская сельская бібліятэка). І абавязковым пунктам кожнай сустрэчы - агульнанацыянальная дыктоўка. Узброіўшыся шарыкавымі ручкамі і аркушамі паперы, удзельнікі мерапрыемстваў, а гэта падлеткі, моладзь, людзі старэйшага пакалення, а таксама члены прафсаюзнай арганізацыіі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі , спорту і турызму ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”  пісалі ўрыўкі з твораў  Васіля Быкава, ці  Уладзіміра Караткевіча.

У Карэліцкай раённай бібліятэцы спачатку член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Кошур узгадала мясцовага паэта Івана Жука і яго творчасць, прасякнутую дабрынёй, любоўю да роднай зямлі і  матчынага слова. Нездарма імя Івана Жука ўнесена ў даведнік Аляксея Пяткевіча “Людзі культуры Гродзеншчыны”. А затым прадыктавала ўрывак з аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”. На працягу 30 хвілін (менавіта столькі доўжылася дыктоўка) Іван і Джулія радаваліся сонечнаму летнему дню, паху кветак і травы, сваёй маладосці, збіралі і ласаваліся чырвонымі зорачкамі - суніцамі, на пэўны час забыўшыся пра небяспеку. У заканчэнні амаль усе ўдзельнікі выказалі свае пазітыўныя адносіны да мерапрыемства.

Па матэрыялах  пярвічнай прафсаюзнай

арганізацыі ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”