ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
04 мая 2024 года

Масленіца ў Лідзе: шмат гасцей і смачных пачастункаў

89

З даўніх часоў у беларусаў існавала традыцыя весела праводзіць зіму і сустракаць вясну. Так і сёння ў горадзе Лідзе, у гарадскім парку культуры і адпачынку, прайшло раённае свята «Провады зімы».

Адсвяткаваць Масленіцу і парадавацца прыходу вясны сабраліся людзі рознага ўзросту. Жыхары Ліды з задавальненнем удзельнічалі ў розных конкурсах, квэстах, гульнях, забавах, спартыўных выпрабаваннях. Самым актыўным удзельнікам былі ўручаны падарункі ад арганізатараў свята. Кожны мог знайсці сабе занятак па душы, атрымаць зарад добрага настрою і порцыю яркіх уражанняў.

У рамках мерапрыемства прысутным была прадстаўлена тэатралізаваная дзея «Вясну гукаем, свята песняй сустракаем!» Стваралі вясновы настрой лепшыя калектывы Лідчыны. Гасцям свята былі прадстаўлены фольк-пляцоўка, майстар-класы, выстаўка-кірмаш народных рамёстваў.

Запамінальным стаў конкурс лялек «Шчодрая гаспадыня». На ім былі прадстаўлены 38 лялек. Акрамя таго, арганізацыі, якія іх падрыхтавалі, стваралі святочны настрой. Адны частавалі блінамі ды шкваркамі, другія спявалі ды вадзілі карагоды. Па выніках конкурсу першае месца атрымала ДУА "Санаторны дзіцячы сад №2 г. Ліды", другое месца — ДУ "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", трэцяе ж месца — ААТ "Лідахлебапрадукт". Таксама журы спецыяльным прызам узнагародзіла ДУА "Дзіцячы сад №26 г. Ліды", ДУА "Дзіцячы сад №42 г. Ліды" і філіял "Ваверскі Дом культуры".

Перад жыхарамі горада выступіў і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны вакальны ансамбль «Белы Птах» з горада Мінска.

А вось чаго на свяце сапраўды было шмат, дык гэта пачастункаў — бліноў з розным начыненнем, шашлыкоў, піражкоў і іншай разнастайнай выпечкі. Скончылася свята па традыцыі спальваннем пудзіла зімы.

У гутарцы з журналістам "ЛідаМедыяКампаніі" госці мерапрыемства дзяліліся ўражаннямі:

Іван Рыбачонак:

— Я сёння прыйшоў на свята з жонкай Таццянай і траімі дзецьмі. Працую ў філіяле "Аўтобусны парк №2 г. Ліда" ААТ "Гроднааблаўтатранс". Таксама вырашыў падтрымаць сваіх калег па працы, якія ўдзельнічаюць у конкурсе лялек «Шчодрая гаспадыня». На свяце ўсё пазітыўна, у нас вельмі добры настрой.

Кацярына Завірухіна:

 Я прыйшла на свята са сваім сынам і пляменніцай, якая прыехала з горада Баранавічы. Пачастункі вельмі смачныя! Прыходжу на свята кожны год.

Арына Ярамеева:

— Я паўдзельнічала ў розных конкурсах, паспрабавала смачную выпечку. Вельмі шмат забаў. Мне ўсё вельмі падабаецца!

 














Источник:lidanews.by