Інфатурнэ. Цар чакае гасцей

50

На Дзятлаўшчыне апрабаваны новы тэматычны камбінаваны тур з элементамі анімацыі “Ад Цара да самавара”.

Сярод турыстаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца сплавы на байдарках. Новы тур зробіць водныя падарожжы больш разнастайнымі і цікавымі. Стартуе ён у аграгарадку Дварэц, дзе для гасцей правядуць экскурсію па культурна-гістарычных аб’ектах і памятных месцах. Турыстычнай групе будзе прапанавана паглядзець касцёл Божага Цела і царкву Пакрова Прасвятой Багародзіцы, азнаёміцца ​​са скульптурай анёла на магіле Апалінарыі Пратасевіч, “дакрануцца” вокам да руінаў старога вадзянога млына, ушанаваць памяць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны каля помніка загінулым мясцовым жыхарам.

Працягам тура стане тэматычнае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам дварэцкіх артыстаў, якія пазнаёмяць гасцей з беларускай нацыянальнай культурай праз займальныя абрадавыя песні і танцы. Нечаканыя сюрпрызы толькі пачынаюцца: далей турысты сустрэнуцца з самым “сапраўдным” Царом. “Казачны” кіраўнік аграгарадка прыме ў гасцей экзамен на веданне сваіх “царскіх” уладанняў і пасля яго паспяховага праходжання выдасць вандроўнікам білеты на сплаў, блаславіць усіх байдарачнікаў пры дапамозе сімвалічнага “дрэва пажаданняў”. Воднае падарожжа дазволіць глянуць на зецельскі край зусім з іншага ракурсу: турыстаў чакаюць прыгожыя лясныя пейзажы, на шляху сустрэнуцца розныя прыродныя перашкоды, якія кожны павінен пераадолець разам са сваім напарнікам па байдарцы, працяглы маршрут падорыць прыемную стомленасць і незабыўныя ўражанні. Сплаў будзе праходзіць па рацэ Моўчадзь. Яго фінішны пункт – маляўнічы бераг у гарадскім пасёлку Наваельня, дзе турыстаў зноў жа сустрэнуць мясцовыя артысты з традыцыйнымі для беларусаў шчырасцю, цеплынёй і дабрынёй. З гасцямі паразмаўляюць на мове вядомых беларускіх прыказак і прымавак, пацікавяцца, ці сталі яны адной “плывучай” камандай пасля доўгага і эмацыйна-насычанага воднага падарожжа. Правядуць з імі цікавыя конкурсы і гульні, у перапынку запросяць ва ўтульнае “міні-кафэ” на свежым паветры “Да самавара”. Пасля “смачнага” адпачынку ўсе турысты пройдуць пасвячэнне ў байдарачнікі з атрыманнем адпаведных сертыфікатаў. У водным падарожжы госці змогуць зрабіць фотаздымкі ў прапанаваных ім “жывых” фотазонах.

Дзятлаўшчына працягвае адкрываць свае “турыстычныя” дзверы. Засталося толькі ў іх зайсці і ўбачыць усю яе прыгажосць, якая абавязкова сустрэнецца на шляху “цікаўнага” вока.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Источник: diatlovonews.by

Наши контакты

Наш адрес

230023, Республика Беларусь, г. Гродно, ул. Советская, 4

+375 (152) 62-42-11 (тел/факс)

okkultury@tut.by

Время работы

Пн-чт: 08.30 - 17.00

Пт: 08.30 - 16.10

Сб-вс: выходной