ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
03 мая 2024 года

Гармонія – сінонім дасканаласці

123

І не згадзіцца з гэтым немагчыма, асабліва калі гаворка ідзе пра таленавітага, прыгожага, сціплага і духоўна багатага чалавека.

Хто, калі не такі чалавек, з’яўляецца прыкладам для пераймання ва ўсім: у паводзінах, адносінах да людзей, навакольнага свету, прыкладам дабрыні, спагадлівасці, інтэлігентнасці і вышыні культуры.

Такім чалавекам, на маю думку, можна назваць Жанну Лукашэню, выкладчыка Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастачку з вялікай літары, сапраўднага творцу і цудоўную жанчыну. Напярэдадні жаночага свята ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло адкрыццё выставы Жанны Вячаславаўны, і выставы незвычайнай, якой дзятлаўчанам яшчэ не даводзілася бачыць, – роспіс на камені. Што Жанна – мастак рознабакова адораны, які выкарыстоўвае шматлікія тэхнікі пісьма, ведала даўно, але такога не чакала і была прыемна здзіўлена – гэта ж сапраўднае мастацтва, і майстэрства, і гармонія! Так, так, гармонія, якая пераплятаецца з дасканаласцю. На маленькім камені намаляваць цэлую сюжэтную карціну! Хіба ж гэта не дзіва? І што за талент у чалавека, што за рука!

Не верыце, што можна здзівіцца і зачаравацца яе работамі? Тады абавязкова зазірніце ў Дзятлаўскі музей – і вы пераканаецеся самі. Упэўнена – не зможаце адарваць вачэй ад яркага дзіва, раскладзенага на фігурным століку канца 19 стагоддзя. Горы і мора, падводнае царства, неверагодныя прыродныя пейзажы і, безумоўна, фантастычныя касмічныя прасторы.

Акрамя таго, прадстаўлены і мастацкія работы Жанны Вячаславаўны, якія парадуюць вока любога чалавека, што цэніць прыгажосць і палітру вясновых фарбаў.

Глядзіш на работы мастачкі і думаеш: якое шчасце, што ў Дзятлаве жывуць такія таленавітыя жанчыны, вучаць нашых дзяцей бачыць прыгажосць і перадаваць яе ўзмахам пэндзля, словам, нотамі і проста сваёй прысутнасцю.

Са святам Вясны і Прыгажосці, паважаная Жанна Вячаславаўна, са святам, дарагія жанчыны нашай роднай Дзятлаўшчыны!

Крыніца