ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
15 апреля 2024 года

Дзятлаўчане прайшлі “Па слядах герояў”

38

22 лютага, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у нашым раёне стартаваў праект “Дзятлаўшчына гераічная” да 80-годдзя вызвалення нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ён складаецца з некалькіх праграм, першая з якіх – “Па слядах герояў” – паклікала ўдзельнікаў у гістарычнае падарожжа: у часы Вялікай Айчыннай вайны; акупацыі раёна; развіцця партызанскага руху; у той дзень, калі наш славуты зямляк Іосіф Філідовіч, ратуючы шпіталь у Ліпічанскай пушчы, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, адвёўшы карнікаў у балота; у шчаслівы чэрвень-ліпень 1944-га, калі адбылося вызваленне спачатку райцэнтра, затым і раёна ў цэлым.

Сімвалічна, што вандроўка, дапоўненая анімацыйнымі элементамі патрыятычнай скіраванасці, пачалася ў Дзятлаве каля помніка ліпічанскаму герою Іосіфу Філідовічу. Тут сабраліся прадстаўнікі раённай улады, ваеннага камісарыята, пракуратуры, адукацыі, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый, працоўных калектываў.

– Дзятлаўскі раён захоўвае памяць, увасобленую ў помніках, мемарыялах, за якімі – лёсы людскія. Сённяшняе падарожжа – гэта і даніна памяці героям, і глыбокая ўдзячнасць ім за мірнае неба над галавой, і магчымасць апрабаваць яшчэ адну цікавую форму адпачынку, якую можна прапанаваць сваім калектывам і пярвічным арганізацыям, – зазначыў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.

Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка і разам з экскурсаводам Аленай Абрамчык прадоўжылі сустрэчу ўжо ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Надвор’е выдалася дажджлівае, таму “завочна” з дапамогай відэапрэзентацыі Алена Рыгораўна расказала аб найбольш знакавых аб’ектах ваеннай гісторыі райцэнтра: дзятлаўскім дзіцячым прытулку, у насельнікаў якога фашысты бралі кроў для сваіх параненых байцоў, мемарыяле “Дзеці ліхалецця” на гарадскіх могілках, аднайменным музеі Новаяльнянскай сярэдняй школы; помніку Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову, які знаходзіцца ў парку райцэнтра; абеліску Славы.

Цікавым момантам для наведвальнікаў стала дэманстрацыя аўдыёгідаў з запісам міні-экскурсіі па Дзятлаве. Іх прэзентавала дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка.

Шмат карыснай інфармацыі чакала прысутных у музейных залах, дзе пра Вялікую Айчынную вайну на Дзятлаўшчыне ад першых дзён акупацыі да вызвалення расказалі касцюмаваныя героі, у ролі якіх выступілі дырэктар і работнікі музея. Адбылася і дэманстрацыя тагачаснай стралковай зброі, якую можна было агледзець, патрымаць у руках.

Завяршыўся маршрут “Па слядах герояў” на тэрыторыі доміка паляўнічага ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. У гэтых маляўнічых мясцінах, сярод велічных дрэваў, пад адкрытым небам гасцей чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз – сустрэча каля вогнішча з партызанамі Арлянскага атрада. Ён першым быў створаны ў маі 1942 года чырвонаармейцамі, якія трапілі ў акружэнне, пазней атрымаў назву “Барацьба”. Дзякуючы касцюмаваным артыстам (спецыялістам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў), удзельнікі вандроўкі пагрузіліся ў атмасферу партызанскай стаянкі. Байцы расказалі, як яны жывуць, як змагаюцца з ворагамі. Зноў, як 80 гадоў таму, пад гармонік загучала “Б’ецца ў дымнай пячурцы агонь”, весела паліліся над акругай падбадзёрваючыя партызанскія прыпеўкі. Байцы шчыра запрасілі гасцей да свайго вогнішча, пачаставалі простымі стравамі – печанай бульбай, смажаным салам, юшкай з прыемным водарам дыму, салдацкай кашай.

http://diatlovonews.by