ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
17 апреля 2024 года

Дзень драніка, майстар-класы, музей пад адкрытым небам. 13 чэрвеня ў Гродзенскім раёне пройдзе «Адэльскі фэст»

437

Унікальнае мерапрыемства штогод праходзіць у Адэльску 13 чэрвеня.

Унікальнае мерапрыемства штогод праходзіць у Адэльску 13 чэрвеня – у дзень памяці святога Антонія Падуанскага, які лічыцца ахоўнікам аграгарадка. У яго гонар у мястэчку пабудаваны касцёл імя Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. У апошнія гады фэст праходзіць з асаблівым размахам. Так арганізатары плануюць і ў гэты раз, яны падрыхтавалі шмат цікавага.

– Адэльскі фэст – адно з тых святаў, якое ніколі не пераносіцца. Яго святкуюць у аграгарадку менавіта 13 чэрвеня, і праводзіцца яно, як кажуць па-народнаму, каб «усім было чутна: ад краю да краю», – адзначае вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч– Раней такога маштабнага свята ў гэты дзень не было. Пасля службы ў касцёле ўсе разыходзіліся па сваіх дамах. Але з цягам часу яно набрала вялікую папулярнасць. Цяпер пасля заканчэння рэлігійнай часткі жыхары і госці фэсту накіроўваюцца на плошчу, дзе пачынаецца забаўляльная праграма, якая ўключае танцы, карагоды, спевы, гульні. 

13 чэрвеня «Адэльскі фэст» зноў збярэ сяброў, дзе аматары нацыянальнага каларыту як след змогуць наталіць культурную смагу менавіта падчас другой часткі свята.

Традыцыйна будзе працаваць кулінарная пляцоўка з дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні, прыгатаваных па мясцовых традыцыйных рэцэптах. Таксама адэльскія гаспадыні правядуць майстар-клас па прыгатаванні бігаса. Упершыню падчас свята пройдзе дзень драніка. Усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у конкурсе  па паяданні дранікаў на хуткасць.

– Стравы з Адэльска гатуюцца па старажытных рэцэптах. І не ў рэдкіх выпадках, а пастаянна. Такімі рэцэптамі карыстаюцца ў многіх сем'ях.  Бігас, бабка, кішка, дамашні хлеб, клінковыя сыры, розныя мясныя і бульбяныя стравы – усё гэта можна будзе пакаштаваць падчас свята, – паведаміла Наталля Рамановіч. 

Самыя зацікаўленыя змогуць наведаць музей пад адкрытым небам,  пабываць на выстаўцы «Адэльскія  падворкі»,  падзівіцца «карцінай»  з дываноў падвойнага ткацтва. На дзіцячай бэбі-арт-паляне арганізатары зладзяць гульні, літаратурны дартс «Пазнай свой край», работу фотапункта «Сэлфі ў вышыванцы»,  правядуць   фотакрос «Адэльск чытае!» і шмат іншага. Гасцям свята прапануюць навучыцца танцаваць старадаўнія танцы і паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе беларускай лялькі, выцінанкі, пляценні старажытных паясоў. Адначасова можна будзе задаволіць і духоўную смагу, пазнаёміцца з народным майстрам Беларусі па вырабе музычных інструментаў Мар'янам Скрамблевічам. Таксама падрыхтавана разнастайная канцэртная праграма. А завяршыцца «Адэльскі фэст» начным гуляннем і феерверкам. 

Дарэчы, аграгарадок Адэльск – адзіны ў Беларусі, дзе захоўваюцца два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта мясцовая традыцыйная кухня і творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча. 


grodnonews.by