ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
28 апреля 2024 года

Дыспансерызацыя – гэта важна!

179

Навагрудскі раён наведала рэйдавая група тэхнічных інспектараў працы тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ. У ходзе рабочага візіту члены рэйдавай групы праверылі прадпрыемствы і арганізацыі Навагрудчыны на адпаведнасць патрабаванням па ахове працы. Галоўны тэхнічны інспектар працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Людміла МАРТЫНАВА правяла маніторынг і ў рэдакцыі газеты «Новае жыццё». Мы не выпусцілі магчымасці спытаць у спецыяліста аб актуальнай тэме – дыспансерызацыі.

– Людміла Генадзьеўна, апошнім часам тэма дыспансерызацыі актыўна абмяркоўваецца грамадскасцю. Многія жыхары нашага горада мяркуюць, што дадзеная працэдура заменіць добра знаёмы ўсім медагляд. Раскажыце, ці так гэта?
– Дыспансерызацыя не замяняе абавязковы медыцынскі агляд і існуе асобна ад яе. Абавязковы медыцынскі агляд праводзіцца з працуючымі, занятымі на работах са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы і (або) на работах, дзе ў адпаведнасці з заканадаўствам ёсць неабход насць у прафесійным адборы.

– Ці абавязкова праходзіць дыспансерызацыю? І з якой перыядычнасцю гэта трэба рабіць?
– Дыспансерызацыю будуць праходзіць усе – пачынаючы ад немаўлят і заканчваючы пенсіянерамі. Напрыклад, дарослае насельніцтва будзе праходзіць дыспансерызацыю з наступнай перыядычнасцю: асобы ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў – адзін раз у тры гады, асобы, якія дасягнулі ўзросту 40 гадоў – адзін раз у год, асобы, якім застаецца пяць гадоў да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, а таксама тыя, хто дасягнуў агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту – адзін раз у год.

– На медагляд накіроўвае наймальнік, а як трапіць на дыспансерызацыю?
– Існуе некалькі варыянтаў, як патрапіць на дыспансерызацыю. Адзін з іх – запісацца самастойна (напрыклад, праз рэгістратуру паліклінікі, анлайн- запіс на сайце і г.д.). Прапанова прайсці дыспансерызацыю можа паступіць і ад медыцынскага работніка падчас наведвання пацыентам амбулаторна-паліклінічнай арганізацыі. Калі ж на праходжанне дыспансерызацыі свайго работніка накіроўвае наймальнік, дадзеная працэдура будзе ажыццяўляцца па папярэднім запісе.

– Калі наймальнік накіроўвае, значыць работнік мае права на вызваленне ад працы з захаваннем за ім месца працы і сярэдняга заробку як пры праходжанні медагляду?
– Дыспансерызацыя праводзіцца толькі ў працоўныя дні, а значыць работнікам неабходна адпрошвацца з працы. Таму з 1 студзеня 2024 года Працоўны кодэкс будзе дапоўнены артыкулам 103-1 «Гарантыі для работнікаў пры праходжанні дыспансерызацыі». Для праходжання дыспансерызацыі работнікі будуць мець права на вызваленне ад працы з захаваннем за імі месца працы і сярэдняга заробку.

– З чаго пачынаецца дыспансерызацыя і колькі часу зойме дадзеная працэдура?
– Пачынаецца дыспансерызацыя з запаўнення анкеты. У ёй утрымліваюцца пытанні, якія дапамогуць медыку выявіць фактары рызыкі развіцця захворвання. Аналізуючы адказы ў анкеце, медыцынскі работнік прызначыць і правядзе лабараторныя даследаванні. Акрамя таго, у гэтым жа кабінеце вымераюць унутрывочны ціск (асобам старэйшым за 40 гадоў), артэрыяльны ціск, вагу, рост, пралічаць індэкс масы цела, агледзяць поласць рота, зробяць ЭКГ. Затым пацыенту прапануюць зручны час для запісу на прыём да ўрача агульнай практыкі, каб той падабраў лячэнне па тым ці іншым захворванні альбо накіраваў на дадатковыя дыягнастычныя даследаванні. Усё гэта па тэрмінах зойме для асоб ад 18 гадоў і тых, каму да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту застаецца больш чым 5 гадоў – адзін працоўны дзень. Асобам, якім да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту засталося 5 або меньш гадоў, а таксама асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, дыспансерызацыя будзе праведзена на працягу двух дзён.

– І апошняе пытанне. Хто забяспечвае арганізацыю і кантроль за правядзеннем дыспансерызацыі?
– Згодна з пунктам 7 «Інструкцыі аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва Рэспублікі Беларусь», зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 30.08.2023 № 125, якая ўступае ў сілу з 1 студзеня 2024 года, арганізацыю і кантроль за правядзеннем дыспансерызацыі забяспечваюць кіраўнікі амбулаторна-паліклінічных арганізацый і іншых арганізацый аховы здароўя.

Карына Вальшонак, «Новае жыццё»

novgazeta.by