ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
19 апреля 2024 года

Для вас, дарагія матулі!

191

У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылося раённае свята-шанаванне матуляў, работніц арганізацый і прадпрыемстваў.

Павіншаваць іх прыйшло кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, а таксама прафсаюзныя лідары. Абаяльныя дзятлаўчанкі сабраліся ва ўтульнай зале за кубачкам чаю, каб на пару гадзін пакінуць важныя справы, клопаты і перажыванні, акунуцца ў атмасферу свята, проста адпачыць душой.

Словы віншавання жанчынам з нагоды Дня маці адрасаваў Андрэй Садоўскі:

– Паважаныя жанчыны, прыміце самыя шчырыя віншаванні са святамі – Днём маці і Пакровам Прасвятой Багародзіцы. Дзякуючы гэтай даце мы ўсведамляем місію самой жанчыны, якая нараджае і выхоўвае дзяцей, аберагае дамашні ачаг, дзякуючы жанчынам захоўваюцца сямейныя традыцыі. Сёння я рады вітаць у гэтай святочнай зале не проста жанчын, а жанчын-працаўніц і матуляў нашага раёна, якія праслаўляюць яго сваёй дзейнасцю. Яны сумленна выконваюць свае абавязкі, з’яўляюцца выдатнымі работніцамі і кіраўнікамі.

Мы ганарымся тым, што ў нашым раёне 310 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца каля 1000 дзяцей, 49 матуляў узнагароджаны ордэнам Маці. Усе мы дарослыя людзі, але бязмежна любім сваіх матуляў, гэта сувязь на ўсё жыццё. Ад імя кіраўніцтва раёна хочацца пажадаць вам у гэты светлы дзень моцнага здароўя, сямейнага дастатку, міру і дабра. Каб родныя акружалі вас любоўю і клопатам. Каб у вас заўжды была нагода ганарыцца сваімі дзецьмі. Са святам! З Днём маці!

Ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў кожная госця мерапрыемства атрымала на памяць кветкавую кампазіцыю.

Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі прафсаюзаў Дзятлаўшчыны.

– Шаноўныя мамы! Сёння мне выпала адказная місія — павіншаваць вас з такім цудоўным святам, праз вас адрасаваць віншаванні ўсім матулям Дзятлаўскага раёна. Дзякуй за тое, што вы робіце для сваіх дзяцей, сем’яў, працоўных калектываў, для нашай краіны. Няхай у вашым жыцці будзе шмат любові і радасці, каб вашы сэрцы ніколі не ведалі смутку, дзеці прыносілі толькі радасць і прыемныя моманты, – павіншаваў жанчын старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.

На працягу ўсяго мерапрыемства гасцям не давала засумаваць вядучая Людміла Раманава. Яна чытала добрыя вершы, дарыла хвілінкі гумару, сабрала разам з жанчынамі музычны букет самых прыгожых кветак. Музычныя сюрпрызы падрыхтавалі педагогі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў і артысты раёна.

Урачыстасць прадоўжылася святочным канцэртам, на працягу якога гучалі цёплыя словы на адрас матуляў Дзятлаўшчыны, песенныя сюрпрызы ад Нэлі Санюк, Алы Чарняўскай, Таццяны Дудкінай, Сяргея Малышчыка, Таццяны Шостка, Чэслава Свіба, Алёны Касцюк, Алесі Варабей, Веры і Андрэя Добышаў.

Спецыяльна да Дня маці работнікі раённага вузла паштовай сувязі арганізавалі “Святочную паштоўку” і выставу-продаж тэматычных тавараў.

Наталля АВЯРЧУК

 

http://diatlovonews.by