ГРОДНЕНСКАЯ ОБЛАСТНАЯ ОРГАНИЗАЦИЯ БЕЛОРУССКОГО ПРОФСОЮЗА РАБОТНИКОВ КУЛЬТУРЫ, ИНФОРМАЦИИ, СПОРТА И ТУРИЗМА
01 мая 2024 года

Чужых дзяцей не бывае

182

Так лічаць матулі, якія адкрылі свае сэрцы для дзяцей, якія засталіся па розных жыццёвых прычынах без апекі кроўных бацькоў.

Менавіта для гэтых шчодрых на дабрыню жанчын Дзятлаўшчыны  ў раённай бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства.

Пачалася святочная праграма  з экскурсіі па бібліятэчных залах, у час якой дарослым расказалі, якія кнігі могуць зацікавіць дзяцей розных узростаў або скрасіць вольную хвілінку ім самім. Прысутныя даведаліся, што на бібліятэчных паліцах ёсць не толькі класіка і літаратурныя навінкі, але і краязнаўчыя кнігі пра нашу Дзятлаўшчыну і Гродзеншчыну, а таксама сабраны матэрыялы аб літаратурнай творчасці мясцовых аўтараў, працуюць інфармацыйна-прававы цэнтр, тэатр “Чытай-ка”, летам – гульнявыя пляцоўкі, ладзяцца і зменныя кніжныя выставы, адну з якіх разам з прыгожай фотазонай бібліятэкары падрыхтавалі да Дня маці і Дня бацькі.

За кубачкам чаю прыёмныя матулі падзяліліся разважаннямі пра замяшчальнае бацькоўства.

– Сёлета 12 кастрычніка споўнілася 30 гадоў, як мы з мужам удачарылі першае наша дзіця – Юлію, – расказала Ніна Млынарчык. – І я ўдзячна Богу, што за гэтыя дзесяцігоддзі наша сям’я стала вялікай, што нас называюць “мамуля”, “татачка” і ўжо нават “бабуля” і “дзядуля”. Нашы сыны і дочкі выраслі годнымі людзьмі, стварылі ўласныя сем’і, некаторыя аднавілі кантакты з кроўнымі бацькамі, але нас прадаўжаюць лічыць роднымі людзьмі. Тым, хто мяркуе стаць замяшчальнымі бацькамі, я магу сказаць, што ім давядзецца адрачыся ад уласных інтарэсаў і прысвяціць сябе дзецям, да якіх, нягледзячы на юны ўзрост, лёс быў нялітасцівы. Спатрэбіцца шмат любові, пяшчоты, цярпення і разумення, каб іх “адагрэць”.

– Прыёмнае бацькоўства – гэта не прафесія, а справа ад Бога, – упэўнена Марына Шэлег. – Мы прысвяцілі ёй 9 гадоў. Разам з мужам заўсёды былі ўпэўнены, што годнае выхаванне павінна “ехаць” па дзвюх рэйках – любоў+дысцыпліна, толькі так можна вырасціць дастойнага чалавека. Тыя, хто хоча стаць прыёмнымі бацькамі, павінны прыслухацца да сябе: важна, каб жаданне ішло ад сэрца, а вера падмацоўвала ваша цярпенне, каб вы не спыняліся на абраным шляху.

 

Ірына СТЫРНІК

Источник - http://diatlovonews.by