Ажурны цуд Наталлі Клімко. Народны майстар з Навагрудка адзначана спецпрэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за плённую працу па захаванні традыцый вырабу беларускай выцінанкі

25

Для навагрудскага народнага майстра Наталлі Клімко выцінанка - кліч душы.

Калі для большасці з нас выцінанка – успамін дзяцінства (прыгадайце, як напярэдадні Новага года складвалі ліст паперы, а пасля нажніцамі выразалі сняжынку), то для навагрудскага народнага майстра Наталлі Клімко гэта кліч душы. Адраджэннем традыцыйнага мастацтва выцінанкі-выбіванкі жанчына займаецца ўжо 13 гадоў. Яе ажурныя шэдэўры можна пабачыць не толькі на розных выстаўках і фестывалях, але і ў шматлікіх прыватных калекцыях розных краін. У 2014 годзе ўнікальнаму рамяству выцінанкі-выбіванкі быў прысвоены статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А літаральна некалькі дзён таму Наталля Клімко стала лаўрэатам дзяржаўнай спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва за плённую працу па захаванні традыцый вырабу беларускай выцінанкі.

Унікальнае рамяство

Па словах кіраўніка народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка” Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Клімко, выцінанка як від дэкаратыўна-прыкладной творчасці мае багатую гісторыю. Раней такім незвычайным дэкорам упрыгожвалі сялянскія хаты. Са звычайнага белага ліста гаспадыні нажніцамі выразалі шторы, абрусы, сурвэткі. Папера станавілася добрай альтэрнатывай зусім не танным фіранкам. Традыцыя захавалася і на Навагрудчыне, вось толькі ўзор тут не выразаюць, а выбіваюць.

 У кожным рэгіёне былі свае свае адметнасці і свае традыцыі, - зазначае майстар. – У нашым краі мастацтва выцінанкі аднавіла Ніна Пятроўна Шурак, ураджэнка вёскі Мілушава, што на Навагрудчыне. Будучы маленькай дзяўчынкай, яна бачыла, як фіранкі з паперы, а таксама набожнікі (так называюцца аправы для ікон) рабіла яе матуля. І вось, працуючы над стварэннем экспазіцыі Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, яна вырашыла прыўнесці такія ж самыя элементы ў якасці аздаблення інтэр’ера сялянскай хаты 30-х гадоў. Дакладна не ведаючы ўсіх тонкасцей справы, спрабавала сама. Складала ліст ватману, на ім малявала ячэістую сетку, а па ёй узор, які пасля выбівала долатам. Пра яшчэ адзін інструмент – расплюшчаны цвік “сотку”, што заганяўся ў паперу малатком, – падказала старэйшая сястра Ніны Пятроўны. Так адзін за другім і ствараліся непаўторныя шэдэўры. Безумоўна, яны не маглі застацца без увагі і хутка былі ацэнены экспертамі.

Сучасны лёс традыцыі

Адправіць у нябыт такую тэхніку было б вялікай памылкай. Таму, магчыма, лёс і звёў Наталлю Клімко з мясцовай майстрыхай.

 У 2001 годзе я стала дырэктарам Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў. І перада мной адразу паўстала задача сабраць, развіць штосьці сваё, унікальнае, навагрудскае. Выдумваць не прыйшлося. Праз год, да сямідзесяцігоддзя Ніны Пятроўны, арганізавалі першую выставу яе работ. Увогуле знаёмства з майстрам стала адпраўным пунктам у засваенні мною мастацтва выцінанкі-выбіванкі. Займацца гэтым відам дзейнасці пачала ў 2009 годзе, – дзеліцца Наталля Аляксандраўна і адзначае, што нават дыпломную работу, калі вучылася ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, выканала ў тэхніцы традыцыйных выбіванак. – Першай работай стаў камплект святочнай велікоднай выбіванкі.

Сёння Наталля Клімко прызнаецца, што быть прадаўжальнікам справы, носьбітам традыцый вырабу выцінанкі-выбіванкі для яе надзвычайна пачэсна. Свае ўменні і навыкі з такой жа любоўю і клопатам яна намагаецца перадаць вучням. З задавальненнем расказвае ім пра тэхналогію выбівання выцінанак, яе гісторыю, праводзіць майстар-класы.

Прыходзяць да нас у цэнтр дзеці, многія займаюцца ўжо не першы год. У іх вачах я бачу зацікаўленасць, і гэта, безумоўна, цешыць. Іх ахвота і жаданне пазнаць штосьці новае даюць надзею, што ў рамяства ёсць будучыня, – гаворыць суразмоўца. – Стварэнне выцінанкі – працэс няпросты, працаёмкі, не ўсім хопіць цярпення нават для выканання аднаго вырабу. Таму звычайна пачынаем з простага. Робім невялічкія паштоўкі, выразаем па шаблоне. Галоўнае, што выбіванка – гэта такі від мастацва, якім можа авалодаць чалавек любога ўзросту. Напрыклад, мая дачка Вераніка, якая працуе ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, вядзе там гурток выцінанкі. Яе падапечныя з цікавасцю авалодваюць тонкасцямі ўнікальнай тэхнікі, ім падабаецца рабіць творы мастацтва сваімі рукамі. Не менш заўзята ўдзельнічае ў працэсе і мой дзесяцігадовы ўнук Ілля.

Па словах Наталлі Клімко, элементы выбіванкі ў сваіх праектах выкарыстоўваюць навучэнцы сельска-гаспадарчага прафесійнага ліцэя, таксама рамяству навучаюцца на гуртках у Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы.

Свой стыль

Расплюшчаны цвік, долата, малаток, дубовая дошка (яна больш трывалая), аловак, лінейка – гэта ўсё, што неабходна для стварэння ажурнага шэдэўра. Работы майстроў з розных рэгіёнаў адметныя. У іх чытаецца почырк аўтара. Адрозненне навагруд- скай выцінанкі-выбіванкі ў тым, што ўзор наносіцца на сетку. У першую чаргу на паперы неабходна намаля- ваць ячэйкі, а пасля на іх прыдуманы малюнак. Яго, як адзначае Наталля Аляксандраўна, нярэдка падказвае само жыццё.

У які момант прыйдзе натхненне, не прадбачыш, таму з сабой заўсёды нашу аркуш паперы і аловак. У асноўным жа ў якасці ўзору выступаюць кветкі, птушкі або жывёлы, анёлы, галінкі вярбы. Ад задумкі і параметраў выцінанкі залежыць колькасць затрачанага часу. Калі выраб нескладаны, то можна справіцца за тры дні, на больш аб’ёмны адводзіцца тыдзень-два.

Зупыняцца на дасягнутым Наталля Клімко не любіць, хоць і гаворыць, што самыя любімыя першыя работы (паўтарала іх не раз), ад эксперыментаў таксама не адмаўляецца. Трымаць сябе ў форме майстру дапамагае ўдзел у розных конкурсах, майстар-класах і фестывалях. Гэта магчымасць не толькі прадэманстраваць сваё майстэрства, але і навучыцца нечаму новаму, пазнаёміцца з традыцыямі і тэхнікамі народных умельцаў Беларусі і іншых краін. Работы навагрудскага народнага майстра заўсёды ацэньваюцца высока. Яны разляцеліся па розных кутках свету: Расія, Турцыя, Польшча, Літва, Латвія, Туркменія.

Хочацца, каб пра наша адметнае беларускае рамяство знала як мага больш людзей. Сваёй місіяй бачу яго папулярызацыю. І прызначэнне мне спецпрэміі Прэзідэнта – вялікая падтрымка маёй справы, стымул развіваць традыцыі. На мой погляд, вельмі актуальным было б прымяненне выбіванкі ў стылізацыі сучасных інтэр’ераў, напрыклад офісаў, кафэ-бараў. Дарэчы, макет аднаго з такіх мной ужо рас- працаваны. Там усё: вокны, крэслы, барная стойка – аздоблена выцінанкай-выбіванкай, – гаворыць Наталля Клімко.

Верыць майстар і ў будучыню рамяства, бо яно неразрыўна з нашай культурай, даўно стала часткай біяграфіі беларускага народа.

Вольга Заенчкоўкая

Фото:Альфрэд Мікус

Источник: grodnonews.by

Наши контакты

Наш адрес

230023, Республика Беларусь, г. Гродно, ул. Советская, 4

+375 (152) 62-42-11 (тел/факс)

okkultury@tut.by

Время работы

Пн-чт: 08.30 - 17.00

Пт: 08.30 - 16.10

Сб-вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.